Хлопец, які ўчыніў бойню ў ГЦ "Еўропа", рабіў чатыры спробы самагубства
20 лютага пачынаецца суд над студэнтам МІТСО Уладам, які ўчыніў увосень 2016-га бойню бензапілой і сякерай у мінскім гандлёвым цэнтры "Еўропа".
Вольга і Валянцін — бацькі падлетка. Пра свайго сына яны распавялі журналістам партала tut.by. Нагадаем, што здарэнне адбылося 8 кастрычніка. Ад рук хлопца загінула 43-гадовая прадавачка цэнтра. 46-гадовая наведвальніца цэнтра атрымала два ўдары сякерай, а прыбіральшчыца атрымала лёгкае раненне. Хлопцу, якому на момант злачынства было 17 гадоў, пагражае 12 гадоў зняволення.
Як распавяла маці, 9 снежня 2014 года Уладзіслаў учыніў спробу самагубства, яго шпіталізавалі ў РНПЦ псіхічнага здароўя са згоды маці. Там лекар даведаўся, што гэта была чацвёртая спроба, таму яму прапанавалі дапамогу псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў.
Па словах маці, у стацыянары Улад быў каля двух тыдняў, пра яго стан і ўжываныя лекі бацькі дэталевай інфармацыі не мелі. "Наведвалі мы Улада ў ляакрні штодня, уплыў прэпаратаў на яго бачылі — ён не мог размаўляць, быў вельмі млявым, прыгнечаным, хацеў спаць. Псіхолагі ў бальніцы не працавалі з ім. Як мы даведаліся, псіхолаг толькі адзін раз правяла з ім фармальную гутарку", — распавяла маці. Пасля выпіскі ніякіх рэкамендацыяў бацькам не далі.
Хлопца паставілі на асаблівы ўлік у дзіцячым псіханеўралагічным дыспансеры. Але потым знялі яго па ўласнай заяве, калі Уладу споўнілася 16 гадоў.
Бацькі падлетка заяўляюць, што лекары не цікавіліся дзяцінствам Улада. А маці са спасылкай на спецыяльную літаратуру заяўляе, што ў хлопца з самага дзяцінства назіраліся элементы аўтызму: праблемы з гутаркай, цік твару, кантактнасць і г.д.
Па словах маці, хлопец перажываў з-за праблемаў са скурай, якія пачаліся ў яго гадоў з 14. Ён нават лячыўся ў прыватнай скурнай клініцы, але вынікаў гэта не дало. "Толькі цяпер мы даведаліся, што ёсць такі напрамак у медыцыне як псіхадэрматалогія. І што акне (такі дыягназ яму паставілі ў ліпені 2016-га ў медцэнтры), асабліва ў цяжкой форме (а ва Улада так і было), з'яўляецца прычынай дэпрэсіі ў падлеткаў і рызыкай суіцыду. Пра гэта нам не паведаміў ні адзін лекар ні ў лякарні, ні ў дыспансеры. А мы пра небяспеку захворвання акне не ведалі", — канстатуе маці.
Для лекавання ад акне хлопец стаў карыстацца прэпаратам, які параіла дэрматолаг. "Мы прачыталі інструкцыю да гэтага прэпарата. У яго вельмі шмат пабочных эфектаў, такіх як сухасць слізістай, псіхоз, дэпрэсія, суіцыд і шмат іншых. Мы спрабавалі адгаварыць Улада ад прыёму гэтага лекі, але ён лічыў, што гэта яго апошні шанец вылечыцца", — распавядае маці. Дарэчы, Еўрарадыё праводзіла сваё расследаванне наконт уплыву згаданага прэпарату: лекары крытычна паставіліся да негатыўнага ўздзеяння прэпарата.
Пра тое, што Улад прапускаў заняткі ва ўніверсітэце, бацькі не ведалі. Кажуць, што прычынаў пропускаў стала акне.
"Ён увесь час паўтараў, што хацеў і спадзяваўся прычыніць шкоду толькі сабе", — заяўляе маці.