Іракцы кажуць, што мараць вярнуцца дадому, але беларускія сілавікі перашкаджаюць
Мігранты з Ірака на беларуска-літоўскай мяжы / Delfi.lt
Выданне Delfi.lt з'ездзіла на літоўска—беларускую мяжу і сярод 13 мігрантаў, якія знаходзяцца там, знайшло чалавека, які гаворыць па-англійску. Ён распавёў ім, што яны хочуць вярнуцца дадому, але беларускія сілавікі не даюць ім гэта зрабіць.
— Мы бачым беларускіх памежнікаў. Вы хочаце сказаць, што яны вас сюды прывезлі?
— Так.
— З Мінска?
— З Мінска.
— Вы хочаце папасці ў Літву? Вы ля самай мяжы.
— Не, мы хочам вярнуцца ў Ірак.
— Мы ведаем, што вы званілі ў амбасаду.
— Так, мы тэлефанавалі ў ірацкую амбасаду. Яны спрабуюць нам дапамагчы, мы чакаем дапамогі.
— Калі вы пойдзеце ў іншым накірунку, што гэтыя памежнікі распачнуць?
— Яны ўсюды ідуць за намі. Мы спрабавалі вярнуцца назад, але яны вяртаюць нас назад.
— Як вас сюды прывезлі?
— На ваенных грузавіках. У нас былі дзейныя візы.
— Яны ўжывалі сілу?
— Вядома, так.
— Раскажыце падрабязней.
— Выбачайце, але не магу, не магу казаць аб гэтай сітуацыі, — прыводзіць дыялог выданне.
Нагадаем, што гэтых 13 мігрантаў служба аховы дзяржмяжы Літвы выявіла некалькі дзён таму. У групе былі дарослыя мужчыны, па іх словах іх затрымалі каля аэрапорта беларускія сілавікі. Мігрантаў вымушалі ісці ў Літву, хоць самі яны мелі намер дабрацца да мяжы з Польшчай, каб потым трапіць у Заходнюю Еўропу. Мігранты размясціліся на ноч на "нейтральнай зямлі" паміж Беларуссю і Літвой, хоць такой зоны не існуе.
Пазней аднаго з мігрантаў схапіў сабака, калі кінолага асляпілі агнямі беларускія памежнікі.
Сёлета нелегальна перайшлі мяжу Літвы з Беларуссю звыш 4,2 тысяч мігрантаў, больш за 6 тысяч не ўпусцілі. Сітуацыя з мігрантамі ўскладнілася 8 лістапада, калі да мяжы з Польшчай з беларускага боку падышлі некалькі тысяч мігрантаў з краін Блізкага Усходу, якія жадаюць перабрацца ў ЕЗ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.