Канфлікт ва Украіне прымусіў перапісваць легенды ваенных вучэнняў у Беларусі
Апошнім часам кіраўнік Беларусі палюбіў фразу пра порах, які неабходна заўжды трымаць сухім. Падставай для з'яўлення гэтага выразу сталі падзеі на ўкраінскім Данбасе ды іншых “нестабільных” рэгіёнах планеты. І каб “порах быў сухім”, беларускія вайскоўцы пастаянна праводзяць вучэнні. А ў кожных вучэнняў ёсць свая “легенда” — якой пагрозе яны супрацьстаяць. Як змяняліся гэтыя легенды цягам апошніх гадоў.
Самымі гучнымі вучэннямі апошніх гадоў можна смела называць сумесныя беларуска-расійскія вучэнні “Захад”. Праходзілі яны у 2009 і 2013 гадах. Прычым, з удзелам галоўнакамандуючых абедзвюх краін: у 2009-ым годзе у Беларусь прыязджаў прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, у 2013 — Уладзімір Пуцін.
Паводле легенды вучэнняў “Захад-2009”, узброеныя сілы Беларусі і РФ павінны спыніць умоўнага праціўніка, які наступае з захаду, і які на момант пачатку аперацыі паспеў “уклініцца ўглыб краіны”. Ну, і ў выніку праціўніку наносіцца рашаючы контрудар.
Дарэчы, тыя вучэнні выклікалі шмат хваляванняў на Захадзе. У Польшчы нават сцвярджалі, што адпрацоўваецца ядзерны ўдар па Варшаве. Краіны Балтыі заявілі, што бачаць пагрозу ў гэтых вучэннях ля сваіх межаў. І менавіта тады расійскі самалёт А-50 наблізіўся да межаў Эстоніі і быў перахоплены ВВС Германіі, якія патрулявалі паветраную прастору краін Балтыі.
Вучэнні “Захад-2013”. Цяпер сумесная беларуска-расійская групоўка войскаў супрацьстаіць бандфарміраванню, якое прарывацца праз дзяржаўную мяжу на тэрыторыю Беларусі. “Арміі дзвюх краін у статусе раўнапраўных партнёраў вучацца адбіваць любую знешнюю агрэсію”, — тлумачаць прадстаўнікі Мінабароны.
Нарэшце і “Шчыт Саюза-2015”. Гэтым разам сілы спецыяльных аперацый “ажыццяўляюць дзеянні па блакаванні і знішчэнні незаконных узброеных фарміраванняў”, якія пры знешняй падтрымцы ўтварыліся на тэрыторыі краіны.
“Калі раней нам пагражаў “знешні вораг”, то цяпер гэта нейкія незаконныя ўзброеныя фармаванні, якія ўзнікаюць у выніку ўнутраных міжканфесійных і палітычных супярэчнасцяў. І якія падтрымліваюцца з-за мяжы — гэтым людзям грошы, інструктары і зброя накіроўваюцца звонку. Маштаб гэтых фарміраванняў такі, што для нейтралізацыі прымяняюцца ўсе віды і роды ўзброеных сіл, — аналізуе легенды вучэнняў ваенны эксперт Аляксандр Алесін і робіць выснову. — Мы бачым спробу нейкім чынам адпрацаваць методыку дзеянняў на выпадак узнікнення сітуацыі, аналагічнай украінскай”.
З ваенным экспертам пагаджаецца палітолаг Арсеній Сівіцкій. Праўда, дадае, што не толькі канфлікт ва Украіне прымусіў ваенных змяніць легенду і характар вучэнняў — улічваецца і крызіс у Сірыі, і канфлікт у Емене. Карацей, усе тыя канфлікты, якія сёння называюць “гібрыднымі войнамі”.
Арсеній Сівіцкі звяртае ўвагу на беларускія вучэнні без удзелу расійскіх калег. Цягам мінулага года яны адпрацоўвалі “легенду Данбаса”. Вучэнні праводзілі як сілы спецыяльных аперацый, так і сілы Памежнага камітэта і Тэрытарыяльнай абароны.
Арсеній Сівіцкі: “Тут відавочна беларускія Узброеныя сілы адпрацоўвалі сцэнарый узнікнення гібрыднага канфлікту, калі на тэрыторыю Беларусі закідваюцца незаконныя ўзброеныя фармаванні, якія пачынаюць дэстабілізацыю сітуацыі”.
Але ж не сакрэт, што тыя ж “незаконныя ўзброеныя фарміраванні”, якія дзейнічаюць у канфлікце на Данбасе, атрымліваюць дапамогу з Расіі. Ці ўлічваюць беларускія легенды вучэнняў такую верагоднасць? Аляксандр Алесін упэўнены, што калі гэта і не афішуецца і не прапісваецца ў афіцыйнай версіі легенды, то неафіцыйна такая верагоднасць ўлічваецца і адпрацоўваецца. А вось Арсеній Сівіцкі раіць звярнуць увагу на легенды сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў, якія праходзілі ў 2015-ым годзе, але вялікага розгаласу інфармацыя пра іх у СМІ не мела. Гэта вучэнні “Узаемадзеянне-2015” і “Славянскае братэрства-2015”.
“Падчас гэтых вучэнняў, паводле легенды, на тэрыторыі Беларусі пачыналася дэстабілізацыя ваенна-палітычнай сітуацыі незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі — яны пачыналі праводзіць атакі супраць ваенна-палітычнага кіраўніцтва, нападаць на аб’екты грамадзянскай і вайсковай інфраструктуры. І беларускія ўлады запрашалі дапамогу з боку Расіі. І Расія ўводзіла свой вайсковы кантынгент на тэрыторыю Беларусі для стабілізацыі ваенна-палітычнай сітуацыі”, — звяртае ўвагу эксперт.
І гэта даволі дзіўны момант, бо на думку эксперта, сёння не існуе для Беларусі такіх пагроз, з якімі б мы сваімі сіламі не справіліся. Асабліва дзіўнымі такія легенды падаюцца з улікам таго, што сцэнарый і “Узаемадзеяння-2015”, і “Славянскага братэрства-2015” распрацоўваў… расійскі бок.
Фота: Зміцер Лукашук, tut.by