"Каранавірус! Мы ўсе памром!": як клікбэйт змяніў расклад у беларускім тэлеграме
Нават у часе пандэміі людзі не адмаўляюцца ад смартфонаў / Reuters
Пандэмія COVID-19 бясспрэчна прывучыла людзей часцей і дбайней мыць рукі. Аднак інфармацыйная гігіена праз каранавірус з кожным днём церпіць усё больш. Прычым пытанні ёсць не толькі да дзяржСМІ, але і да тэлеграма — незалежнай платформы, каналам на якой многія давяраюць.
У беларускім сегменце ТГ з'явіліся і хутка выйшлі ў топы некалькі аднатыпных каналаў, якія дзясяткамі штампуюць пасты пра каранавірус. Яны ўсе агрэсіўна рэкламуюцца фразамі ў духу "Медыкі просяць дапамогі і пішуць пра жэсць у Мінску!”. І яшчэ адна дэталь: гэтыя каналы — закрытыя, гэта значыць іх нельга чытаць, не падпісаўшыся. Так іх адміністратарам лягчэй набіраць чытачоў.
Канал ютуб-блогера Сцяпана Святлова па-ранейшаму лідзіруе ў беларускім тэлеграме з амаль 270 тысячамі падпісчыкаў. Яго другі канал цяпер займае трэцяе месца. Паміж імі — новы гулец: канал "Беларусь Online", у якога цяпер 206 тысяч чытачоў. Ветэран тэлеграма "Беларусь головного мозга" яшчэ год таму, да ўзлёту быў самым папулярным блогерам на гэтай пляцоўцы, а цяпер апусціўся на чацвёртую пазіцыю са 115 тысячамі падпісчыкаў. 5-е, 6-е і 7-е месцы цяпер таксама займаюць пачаткоўцы: "Беларусь Сейчас" (96 тысяч), "Коронавирус Беларусь" (82 тысячы) і "Говорит Беларусь" (70 тысяч) адпаведна.
На Сцяпана Пуцілу і “Беларусь головного мозга” ў мінулым месяцы падпісаліся 39 і 31 тысяча карыстальнікаў адпаведна. А ў "Беларусь Online" каласальны прырост 132 тысячы!
Еўрарадыё вырашыла даведацца, хто стаіць за новымі топамі, а галоўнае, што з імі будзе, калі тэма пра каранавірус зжыве сябе.
Звычайныя бізнес-праекты
Адміністратар канала "Беларуский Телеграм" мяркуе, што новыя "топы" — гэта звычайныя бізнес-праекты. Іх уладальнікі зарабляюць, раскручваючы тэлеграм-каналы і прадаючы ў іх рэкламу. А могуць потым і сам ТГ-канал прадаць.
"Канал "Беларусь Онлайн", напрыклад, з'явіўся яшчэ восенню [2019 года]. Актыўна ўкладвацца ў падпісчыкаў стаў, калі "пачаўся каранавірус": закупіў у "Інстаграме" таргетынг, адкуль у тэлеграм вялі ўсякія клікбэйты а-ля "Каранавірус! Мы ўсе памром!”. Так канал раскруціўся дзесьці да 100 тысяч, а потым пачалі рэкламіцца ўнутры іншых тэлеграм-каналаў".
У закрытым чаце з адміністратарамі беларускіх тэлеграм-каналаў да пачаткоўцаў ставяцца з падазрэннем. А ўжо ж: учарашнія ноўнэймы сёння многіх дагналі і перагналі. Іх ганяць за жаўцізну — хоць той жа Сцяпан Пуціла на гэтым сабаку з'еў яшчэ задоўга да таго, як свет даведаўся пра COVID-19. Недавер выклікае і "пазабеларускае паходжанне". Беларускія тэлеграмнікі асцерагаюцца, што адміны з Расіі ці Украіны, дзе поўна каналаў з клікбэйтным кантэнтам, прыйшлі і, уліўшы ў рэкламу некалькі тысяч долараў, здзейснілі рэйдарскі захоп індустрыі.
Хлопцы, вы чые будзеце?
“Беларусь Online” — 206К
Сярэбраны прызёр беларускага хіт-парада тэлеграм-каналаў сціпла апісвае сябе так: "Беларусь цяпер у Тэлеграм. Актуальныя навіны і гарачыя зніжкі 24/7".
Адміністратар Дзмітрый на просьбу Еўрарадыё пракаментаваць небывалы рост канала гэтаксама лаканічна адказвае: "Людзі маюць патрэбу ў інфармацыі".
Пытанні пра сваё паходжанне і будучыню канала Дзмітрый праігнараваў.
“Беларусь Сейчас” — 96К
Апісанне: "Навіны Беларусі з агеньчыкам! Рабіце навіны разам з намі!”
Адмін канала Art bela сувязь з замежнымі тэлеграм-каналамі абвяргае: "Мы знаходзімся ў Беларусі!”
У адказ на пытанне пра будучыню канала пасля пандэміі нам скінулі спасылку на УК-суполку "Беларусь Сейчас" з паведамленнем "Як працавалі да каранавіруса, так і будзем працаваць далей".
Суполка ва "УКантакце" налічвае 330 тысяч падпісчыкаў і, па словах Art bela, існуе з 2015 года. У адміністратара суполкі Наталлі Бальшаковай на аватарцы малюнак, а ў апісанні профілю адсутнічае асабістая інфармацыя. Аднак у сябрах поўна беларускіх карыстальнікаў і падпісак на суполкі тыпу "Барахолка Минск", "Барахолка Беларусь" і "Халявная Беларусь". Калі гэта і праўда замежны агент, то ён вельмі правільна шыфруецца.
“Коронавирус Беларусь” — 82К
Апісанне: "Публікуем усю самую актуальную інфармацыю пра каранавірус у Беларусі".
З адміністратарам канала Сэмам у нас атрымліваецца самая разгорнутая гутарка.
"За апошнія 2-3 тыдні колькасць навінавых тэлеграм-каналаў у Беларусі значна павялічылася. Гэта звязана з тым, што доўгі час рынак тэлеграм-каналаў у РБ стаяў на месцы, а цяпер з'явілася прычына заходзіць многім адмінам. Гэта прычына — каранавірус і рэакцыя на яго ўладаў", — напісаў нам Сэм.
Паводле яго слоў, пасля таго, як тэма з вірусам скончыцца, канал "пачне публікаваць проста навіны".
Адміністратар шчыра прызнаецца, што ён сам з Расіі: "Калі вы лічыце, што гэта рэйдарскі захоп, то так. Ведаю некалькі адмінаў з Расіі і Украіны, якія стварылі каналы для беларусаў".
Што будзе далей?
На думку адміна, варта чакаць, што ў тэлеграме патаннее рэклама, бо спрацуюць банальныя законы рынку — наяўнасць канкурэнцыі.
"Для тых, у каго ёсць вялікія каналы, адзіная пагроза ў тым, што цэннік на рэкламу, хутчэй за ўсё, упадзе, таму што прыйшлі хлопцы, якія ўклалі грошы ў раскрутку сваіх каналаў, і цяпер ім трэба гэтыя грошы вяртаць".
Калі прагноз акажацца правільным — гэта дрэнная навіна для Сцяпана Пуцілы і добрая — для расійскіх букмекерскіх кантор, рэкламу якіх час ад часу размяшчае пакуль што самы папулярны беларускі тэлеграм-блогер.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.