“Карупцыянеры” пойдуць са школы ў прыбіральшчыцы?

Еўрарадыё абмеркавала папраўкі да законапраекта “Аб барацьбе з карупцыяй” з тымі, хто ўжо парушае заканадаўства. Згодна з законапраектам, блізкія сваякі не могуць быць у падначаленні адно аднаму.

Такое сустракаецца ў сельскіх лякарнях, школах, у выканкамах невялікіх гарадоў. Вось Ганцавіцкі райвыканкам. Старшыня выканкама — Аляксандр Саланевіч, яго жонка, Таццяна Саланевіч, таксама працуе ў райвыканкаме. Ці не карупцыяй тут пахне?

“Не, — тлумачыць Еўрарадыё начальнік аддзела кадраў Галіна Карніенка.Яна не ў непасрэдным падначаленні. У яе свой начальнік, якому яна падпарадкоўваецца. Да таго ж гэта даўно прапісана законам, што муж і жонка не могуць быць начальнікам і намеснікам. Здаецца, гэта ў законе 2007 года яшчэ было”.

І сапраўды. У новым законапраекце з’явілася толькі папраўка “непасрэднае падначаленне”, чаго раней у законе не было. Гэта, як тлумачыць памочнік дэпутата Брэсцкай выбарчай акругі Валянціна Мілашэўскага Рыгор Рыбачук, “каб не было дваякай трактоўкі закона”: нельга і нельга.

У галоўнага доктара Лагойскай раённай бальніцы Юрыя Буцько пытаемся, ці ёсць у падначаленых сваякі. Пра папраўкі да закона аб барацьбе з карупцыяй той ведае.

“Мая жонка таксама доктар, думаеце, чаму я ў тэме, — кажа Юрый Буцько. — Але ў іншым аддзяленні, я нават не ведаю, чым яна займаецца цяпер! Мала таго, я не магу ніякіх вымоваў ёй зрабіць, бо там свой начальнік!”

Такіх сем’яў дактароў у Беларусі шмат. Ім звальняцца і шукаць новую працу?

Вось, да прыкладу, раённая бальніца ў вёсцы Хатынічы, што ў Ганцавіцкім раёне. 25 коек, некалькі дактароў. Працуе сямейная пара Мінец: яна педыятр, ён намеснік. Але жонка падпарадкоўваецца не мужу, а галоўнаму доктару ў Ганцавічах.

“Раней ён быў галоўным доктарам, указы нейкія пісаў, я была ў яго падначаленні. А цяпер я падпарадкоўваюся доктару ў Ганцавічах. Да таго ж у вёсцы ведаеце як — доктар і доктар, і нікому галава не баліць, галоўны ён доктар ці не. У нас па-простаму ўсё”, — кажа мне Галіна Іванаўна.

А вось прамыя парушальнікі. Школа ў аграгарадку Барсукі, Смалявіцкі раён. Звычайная сельская школа. Але незадача: муж — дырэктар, а жонка — звычайная настаўніца беларускай мовы. У Святланы Жылянінай пытаемся, як ёй новы законапраект па барацьбе з карупцыяй. Святлана Жыляніна называе законапраект абсурдам.

“Ён (муж) мне кажа: дай сто, дай трыста тысяч, дай мільён. Усё са сваёй кішэні ў школу, слоіка фарбы не можам дапрасіцца, бо хіба возьмеш яе з бацькоў у сельскай мясцовасці? Усё ў школу — якая тут карупцыя?” — пытаецца настаўніца. Выкладае яна ў школе ўжо 40 гадоў, чатыры з іх на пенсіі. Але калі не браць пад увагу пенсію, настаўніца разважае, куды б яна магла пайсці працаваць, каб не парушаць закон аб карупцыі.

“Ну, Дом культуры ёсць, можна было б туды. Але куды я са сваёй мовай пайшла б — у прыбіральшчыцы?”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі