Катаванні на Акрэсціна — гэта "службовая інфармацыя абмежаванага распаўсюду"
Пракуратура Мінска не стала паведамляць праваабаронцам пра вынікі праверкі наконт катаванняў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (Акрэсціна) і ІЧУ Мінска.
"Звесткі, якія вас цікавяць, з'яўляюцца службовай інфармацыяй абмежаванага распаўсюду", — гаворыцца ў афіцыйным адказе, які падпісаў намеснік пракурора Мінска К. Кежун. Яго адказ на зварот праваабаронцаў публікуе прэс-служба "Прававой ініцыятывы".
Напрыканцы верасня праваабарончыя арганізацыі, якія ўваходзяць у Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі, звярнуліся ў пракуратуру Мінска. Пракуратура адказала ім: патрабаванні, выкладзеныя ў звароце, задавальненню не падлягаюць.
Кіраўніца "Прававой ініцыятывы" Вікторыя Фёдарава адзначае, што факты катаванняў у Беларусі сталі шырока вядомыя ва ўсім свеце. Яны не адпавядаюць не толькі міжнародным стандартам, але і беларускаму заканадаўству. "Перанаселенасць камер у 10 разоў, адсутнасць ежы і вады, перыядычныя збіцці — толькі нямногае, з чым сутыкнуліся мірныя пратэстоўцы", — кажа праваабаронца.
У СМІ з'яўлялася шмат публікацыяў на гэтую тэму. У тым ліку паведамляліся канкрэтныя імёны людзей, пацярпелых ад міліцыянтаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.