Хлеб з трыцікале і электравеласіпед. Што не тое з гучнымі распрацоўкамі НАН
Што не тое з распрацоўкамі навукоўцаў?
Надоечы Лукашэнка зноў учыніў разнос у Акадэміі навук Беларусі. Яшчэ летась у кастрычніку ён засумняваўся ў рабоце навукоўцаў і дапусціў, што яго могуць падманваць з некаторымі абяцанымі распрацоўкамі.
Акадэмія навук часта анансуе вынаходніцтва чаго-небудзь інавацыйнага. Але ці ўсе абяцанні даводзяць да толку? Еўрарадыё ўзгадвае пра гучныя праекты і расказвае, ці ўсё ўдалося рэалізаваць.
Беларускі суперкандэнсатар для беларускіх электробусаў
Падводзячы вынікі Года навукі-2017, кіраўнік Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў расказаў пра суперкандэнсатар, які вынайшлі беларускія навукоўцы.
Стваральнікі заяўлялі, што распрацавалі апарат на аснове графенападобнага матэрыялу, які будзе выкарыстоўвацца ў беларускіх электрамабілях і электробусах.
Апошні раз дзяржСМІ пісалі пра вынаходніцтва ў 2018 годзе. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра суперкандэнсатар Б5-86. На адным з расійскіх сайтаў, дзе ён прадаваўся, гаворыцца, што апарат знялі з вытворчасці ў 2024 годзе.
Ці выкарыстоўвалі яго ў беларускіх электробусах? Здаецца, не. Напрыклад, у характарыстыцы электробуса серыі OLGERD завода "Белкамунмаш" гаворыцца, што суперкандэнсатар выраблены з літыя-іёна, а не з графенападобнага матэрыялу, як у Б5-86.
А ў электробусе МАЗ 303Е10 усталяваны гібрыдны суперкандэнсатар. Вынайдзены беларусамі апарат гібрыдным ніколі не называўся.
А што з электрамабілямі?
У 2017 годзе ў НАН Беларусі паказалі эксперыментальны ўзор айчыннага электрамабіля — ён быў створаны на базе серыйнай машыны Geely SC7. Пасля гэтага чуткі пра электракарах сціхлі.
Зноў пра экалагічныя аўто загаварылі ў 2021 годзе — тады ў Мінэнерга заяўлялі, што іх паставяць на серыйную вытворчасць да канца года. Але і гэтага не адбылося.
Пасля была прэзентацыя першага спартовага электракара беларускай вытворчасці ў жніўні 2022-га, які, па словах кіраўніка НАН, будзе "эксклюзіўным" і "даражэйшым" за электракары масавай вытворчасці.
Шматпакутны беларускі электрамабіль, па абяцаннях намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Пятра Пархомчыка, мусяць выпусціць да канца гэтага года. Красовер на базе аўтамабіля Belgee X50 будуць вырабляць на заводзе "Белджы". Спачатку выпусцяць пяць доследных узораў, каторыя пазней пройдуць выпрабаванні.
Абяцанне, якое далі 7 гадоў таму, не выканалі да гэтага часу. У аддзеле маркетынгу завода "Аптрон", куды журналіст Еўрарадыё датэлефанаваўся пад выглядам чалавека, які хоча набыць электравеласіпед, адказалі, што купіць яго не атрымаецца.
— На сённяшні дзень яны прадстаўленыя толькі ў доследных узорах, таму такой магчымасці няма. Мы вырабляем іх, але гэта пакуль што не серыйная вытворчасць. Былі распрацоўкі, былі мадыфікацыі, але ў серыі і ў рэалізацыі іх няма.
“Лыжы для спорту вялікіх дасягненняў”
У студзені 2022 года, Лукашэнку ў Палацы Незалежнасці паказвалі дасягненні беларускай навукі. Сярод іншага ён звярнуў увагу на беларускія лыжы.
Кіраўнік НАН Гусакоў запэўніў, што па якасці яны нічым не адрозніваюцца ад імпартных, а ў планах наладзіць вытворчасць лыжаў "для спорту вялікіх дасягненняў".
Шэрага хлеба няма дагэтуль
У тым жа 2022 годзе на Смалявіцкім селекцыйна-насенняводчым комплексе НАН Беларусі Лукашэнку далі пакаштаваць хлеб з трыцікале (гібрыда жыта і пшаніцы).
Тады ж яму паабяцалі, што шэры хлеб можа з'явіцца ў шырокім продажы на працягу двух-трох гадоў.
У прыёмнай прадпрыемства, куды датэлефанаваўся карэспандэнт Еўрарадыё пад выглядам ахвотніка купіць такі хлеб, дакладна не ведаюць, ці можна яго ў крамах купіць.
— Мы займаемся селекцыяй сельгаскультур, а тады мы казалі пра тое, што ёсць пэўныя гатункі трыцікале, з якіх можна выпякаць хлеб, але ці запушчаны ён ў серыйную вытворчасць, я вам не падкажу.
Занадта інавацыйны прэпарат
У нулявыя гады беларускім і расійскім навукоўцам удалося атрымаць лактаферын (бялок, які валодае антыбактэрыяльнай, антывіруснай, антыпаразітарнай актыўнасцямі) чалавека з малака трансгенных коз.
Праект падаваў шмат надзей і, як пісалі дзяржСМІ, да пачатку 2015 года навукоўцы разлічвалі пабудаваць спецыяльную ферму і эксперыментальны перапрацоўчы модуль, дзе можна будзе вылучаць бялок і атрымліваць прадукты з лактаферынам.
Але, мабыць, праект не заладзіўся. Нават дзяржаўная газета "Звязда" ў 2023 годзе пісала, што вакол лактаферыну "ажыятаж сышоў на нішто".
Аднак праца над вылучэннем рэчыва ўсё яшчэ вядзецца, налічваецца нават статак з 400 коз, якія ўтрымліваюцца ў "падсобнай інстытуту гаспадарцы".
Першы намеснік генеральнага дырэктара НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Іван Шэйко расказваў, што запас [лактаферыну] ужо ёсць, і "вытворчасць можна адкрываць хоць сёння, неабходны толькі дазвол Міністэрства аховы здароўя".
Паводле яго ж слоў, медыкі з асцярожнасцю падыходзяць да "настолькі інавацыйнага прадукту — бо пакуль для яго ацэнкі няма ні методык, ні нарматыўнай базы: навука ў сучасным свеце ідзе наперад настолькі хутка, што заканадаўства часам за ёй не паспявае".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.