Кіраўнік АБСЕ заклікала беларускія ўлады да супрацоўніцтва з БДІПЧ
Дзеючы старшыня АБСЕ Ан Ліндэ / Reuters
Дзеючы старшыня арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, міністр замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ заклікала афіцыйны Мінск прыслухацца да прапановы дырэктара Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Матэа Мекачы.
"Падзяляю заклапочанасць БДІПЧ АБСЕ сітуацыяй у Беларусі. Заклікаю Беларусь найлепшым чынам выкарыстаць прапанову БДІПЧ аб абмене досведам і інструментарыем на карысць усіх грамадзян", — напісала Ліндэ ў Twitter.
Share the concerns of @osce_odihr on #Belarus. Encourage Belarus to make the best use of ODIHR’s offer to share expertise and tools, for the benefit of all citizens. #OSCE2021SWE https://t.co/ukEGuy21gC
— Ann Linde (@AnnLinde) April 7, 2021
6 красавіка Мекачы выказаўся аб сітуацыі ў Беларусі, аб тым, што ён "занепакоены адсутнасцю расследавання шматлікіх заяваў аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання і беспакаранасцю вінаватых".
Дырэктар БДІПЧ таксама заявіў, што спецыялісты Бюро па-ранейшаму гатовыя дапамагчы Беларусі палепшыць сітуацыю з правамі чалавека "ў адпаведнасці з узятымі краінай абавязацельствамі" ў рамках АБСЕ. Першымі канкрэтнымі крокамі мог бы стаць удзел прадстаўнікоў БДІПЧ АБСЕ ў маніторынгу судовых працэсаў і пераглядзе беларускага заканадаўства.
У апошнія месяцы ў Беларусі ідзе сур'ёзны перагляд законаў: зменены Адміністрацыйны кодэкс, падрыхтаваныя папраўкі ў Крымінальны. У першы ж дзень вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты прынялі ў першым чытанні змены ў закон "Аб масавых мерапрыемствах у Беларусі". Сярод новых норм — забарона праводзіць стрымы з недазволеных масавых мерапрыемстваў. Акрамя таго журналістаў прыраўнялі да ўдзельнікаў такіх акцый. У той жа дзень у першым чытанні былі прыняты закон "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму" і праўкі ў закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.