Колькі будзе каштаваць кіламетр цэментабетоннай дарогі?
Цяпер кіламетр трасы Мінск — Магілёў каштуе 2,5 мільёна долараў, з бетону будзе даражэй на 5%.
Пачалося будаўніцтва другой мінскай кальцавой дарогі. Яна будзе цалкам з бетону. Цяпер у Беларусі ўсе дарогі будуць з цэментабетону. Таму што на айчынных цэментных заводах прайшла мадэрнізацыя, і цэменту стала так шмат, што прадаюць у Расію ніжэй за сабекошт.
"Цэментныя заводы ў два разы павялічылі выпуск. Было 1,7 мільёна кубоў, цяпер 3,4 мільёна. Трэба цэмент рэалізоўваць. Натуральна, што лепей яго прымяніць у сябе", — кажа Еўрарадыё галоўны канструктар “Белгіпрадара” Мікалай Крачэтнікаў.
Дарогі з цэменту паводле нарматыву разлічаныя на 25 гадоў. А асфальтавыя, у залежнасці ад катэгорыі, — на 9-14, напрыклад, кальцавая — на 14.
"Але, як правіла, усе дарогі з асфальтабетонным пакрыццём не вытрымліваюць разліковага тэрміну, і капрамонты пачынаюцца значна раней", — тлумачыць начальнік лабараторыі бетонаў “БелдарНДІ” Валерый Кісялёў.
Бетонныя дарогі сапраўды вытрымліваюць большую нагрузку, маюць большы тэрмін эксплуатацыі. Толькі ёсць і мінусы. Нават кошт аказаўся не самым галоўным.
"У нас была задача зрабіць адзін кіламетр дарогі, і на гэты кіламетр мы набывалі бетон чужы. Бетонаўкладчык у нас таксама чужы — расійскі. Калі выйдзем на свой бетон, мы плануем закупіць свой бетонны завод, і ў нас будзе свой укладчык, адпаведна кошт будзе ніжэйшы", — у “Белаўтадары” не прызнаюцца, колькі каштуе новая бетонная дарога.
Паколькі пакрыццё — гэта не ўся дарога, яе кошт разбавіцца іншымі працамі, і бетонная дарога будзе даражэйшая за асфальтавую на 2-5%. Напрыклад, кіламетр асфальтавай трасы Мінск — Магілёў каштаваў 2,5 мільёна долараў.
Бетонных дарог у Беларусі каля 2 тысяч кіламетраў. Але іх перасталі будаваць у 90-я.
"Складаная тэхналогія, вельмі шмат тэхналагічных момантаў, якія трэба ўлічваць і ад якіх мы ужо трошкі сышлі, таму што больш за 20 гадоў з цэментабетонам не працавалі. У нас няма бетонаўкладчыкаў, ніводнага ўласнага, іх трэба набываць. Вельмі высокія патрабаванні да якасці цэменту. Склад павінен жорстка вытрымлівацца, калі ёсць адхіленні, усё гэта адбіваецца на якасці пакрыцця", — тлумачыць Мікалай Крачэтнікаў.
Як даведалася Еўрарадыё, у Еўропе цэментабетонных дарог каля 5 працэнтаў. Найбольш у Бельгіі — 40 працэнтаў, у Германіі — 15 працэнтаў.
"Але клімат у нас іншы. Там яны зімы практычна не бачаць. Зіма — гэта соль, апрацоўка, а бетон і соль — гэта не вельмі добра. Плюс тэмпературныя перапады, а бетон вільгаць трымае, і гэта не вельмі добра для нашага клімату", — кажуць у “Белаўтадары”.
Эксплуатацыя бетонных дарог — таксама затратны працэс. Абнаўляць пакрыццё ямачным рамонтам зараз не атрымаецца.
"Асфальтабетон больш рамонтаздольны, там ямачны рамонт зрабіў, залатаў, а бетон ужо іншых тэхналогій патрабуе. Імгненна вылечыць бетон немагчыма, усё роўна патрэбны час, а транспарт ідзе. Заклеіў дарогу, напрыклад, а транспарт пойдзе, і ўся праца насмарку".
Фота: marshrut.by