Колькі магла выдаткаваць Беларусь на дапамогу мігрантам на мяжы
Колькі грошай Беларусь магла выдаткаваць на падтрымку мігрантаў / БЕЛТА
Каля памежнага перахода "Брузгі — Кузніца" 8 лістапада з'явіўся стыхійны лагер мігрантаў. Як паведаміў прэс-сакратар урада Польшчы Пётр Мюлер, там сабралася ад 3 да 4 тысяч чалавек.
Беларускія чыноўнікі і Чырвоны Крыж аказваюць мігрантам дапамогу: забяспечваюць прадуктамі, вадой, цёплымі рэчамі і некаторымі медыкаментамі.
Еўрарадыё падлічыла, колькі Беларусі можа спатрэбіцца сродкаў, каб забяспечыць людзей на мяжы мінімальнай колькасцю ежы і вады.
Адразу зробім агаворку, што гэтыя падлікі не прэтэндуюць на поўную аб'ектыўнасць і дакладнасць. Аднак яны дапамагаюць абмаляваць карціну ў цэлым.
Па санітарных нормах мужчыну 30–39 гадоў з разліку, што ў яго мінімальныя фізічныя нагрузкі, для нармальнай жыццядзейнасці трэба спажываць каля 2300 калорый.
Жанчынам такога ж узросту — прыкладна 1900 калорый (для дзяцей, калі ўзяць сярэдні паказчык без уліку канкрэтнага ўзросту, спажыванне павінна быць прыкладна такім самым).
Мяркуючы па фота і відэа з мяжы, мужчын сярод мігрантаў больш, чым жанчын. Дапусцім, што першых там дзве траціны, а астатнія — гэта жанчыны і дзеці.
Цяпер можна вылічыць, якой каларыйнасці павінен быць сутачны набор прадуктаў без папраўкі на пол. Атрымаецца прыкладна 2160 калорый.
Улічваць, колькі бялкоў, тлушчаў і вугляводаў па законах здаровага харчавання чалавек павінен спажываць у суткі, мы не будзем, таму што тут гаворка ідзе, хутчэй, пра выжыванне.
Чырвоны Крыж расказваў, што адпраўляў на мяжу мясныя, кандытарскія і хлебабулачныя вырабы, ялавічную тушонку, яблыкі і ваду. Палічым, колькі гэтых прадуктаў трэба спажыць чалавеку, каб набраць сутачную норму па калорыях.
Мы паглядзелі сярэднюю каларыйнасць падобных прадуктаў і склалі ўмоўны прадуктовы набор для аднаго чалавека.
Дапусцім, што гэта бляшанка тушонкі (946 калорый), 200 грамаў каўбасы (500 калорый), 200 грамаў хлеба (440 калорый), яблык — гэта прыкладна 150 грамаў (67 калорый) і 50 грамаў печыва (210 калорый). Плюс мінімум 2 літры вады.
Прыкідваем, колькі гэта ў грашах. Якія канкрэтна прадукты возяць мігрантам, невядома. Таму возьмем сярэднія цэны на іх па краіне за кастрычнік, якія публікуе Белстат.
Атрымліваецца, што прадукты на аднаго чалавека абыдуцца прыкладна ў 9,2 рубля ў суткі. 50 капеек можна яшчэ накінуць на маскі, якімі абяцалі забяспечыць мігрантаў. Усяго 9,7 рубля.
Нават калі дапусціць, што на мяжы знаходзіцца каля 3 тысяч мігрантаў, то для таго, каб іх забяспечыць мінімумам ежы і вады на суткі, трэба 29 100 рублёў.
На мяжы яны знаходзяцца з 8 лістапада, гэта значыць 9 дзён. Калі дапусціць, што на кожны дзень яны атрымлівалі б умоўны паёк, то гэта вылілася б амаль у 262 тысячы рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.