Курткі ад 3 да 5 тысяч рублёў: як апранаюцца мігранты-моднікі на мяжы
Тысячы мігрантаў штурмуюць беларуска-польскую мяжу. Гэтыя фота і відэа за два дні абляцелі ўсе сусветныя СМІ. Аднак на кадрах можна разгледзець уцекачоў, якія моцна выдзяляюцца з натоўпу. Інтэрнэт-карыстальнікі з Польшчы звярнулі ўвагу на двух “моднікаў”, апранутых у, мякка кажучы, нятаннае адзенне. На іх пазналі курткі брэндаў Canada Goose (мужчына з сякерай) і Monclear (мужчына ў натоўпе). Першую ацанілі ў $1000, другую — у $1500. І гэта са зніжкай у польскіх крамах!
“Ці сапраўды гэтыя “бедныя людзі” настолькі бедныя?” — абураюцца ў сацсетках.
Вырашылі праверыць, ці можна такія самыя курткі набыць у Беларусі. Спойлер: так, і каштуюць яны яшчэ даражэй!
Сінюю Canada Goose лёгка знаходзім у адной інтэрнэт-краме.
Куртка вызначаецца зніжкай 9%. І такім чынам, каштуе 3211 беларускіх рублёў. А гэта — больш за $1300. Але нават калі ў вас ёсць такія грошы, то вас чакае расчараванне: “тавар распрададзены”. Ці не апошнюю забраў той самы хлопец з сякерай?
Чорную Monclear з назвай брэнда на капюшоне прапануюць на сайце адной афлайн-крамы сталіцы. Пухавік ёсць у наяўнасці і каштуе… 5680 рублёў ($2300).
Адметна, што гандлёвы павільён знаходзіцца на Нямізе, дзе людзей, падобных да мігрантаў, апошнім часам заўважана шмат.
Аднак загадзя пагодзімся з патэнцыйнымі скептыкамі: няма ніякай гарантыі, што мігранты на фота апранутыя не ў арыгінальныя брэнды, а ў іх больш танную падробку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.