Літоўскі блогер знайшоў пагрозу ў беларускіх барах Вільні. У чым праблема?

Корчма 1863 Вильнюс

"Карчма 1863" у Вільні / budzma.org

У Вільні працуе некалькі беларускіх устаноў. Прэтэнзій да іх ніколі не гучала, усё паводле закона. Але літоўскі блогер і актывіст Жыльвінас Світоюс напісаў вялікі пост пра тое, якую праблему і пагрозу ў іх бачыць. Каментатары яго актыўна падтрымалі.

Што ж бянтэжыць Світоюса?

"У Вільні мы прыйшлі да сітуацыі, з якой не сутыкаліся нават падчас савецкай акупацыі, — распаўсюду і выкарыстанню рускай мовы", — напісаў Світоюс.

Рускую мову ён пачуў у беларускіх барах. Праўда, кажа ён, выкарыстанне беларускіх устаноў у якасці прыкладаў — "хутчэй супадзенне, бо я пакуль не ведаю ніводнай расійскай установы такога тыпу".

У "Bar Pahonia" Світоюс паскардзіўся на цяжкасці з абслугоўваннем на літоўскай. "Бармэн нават разгубіўся, калі я пачаў размаўляць па-літоўску".

Але і гэта не ўсё: "Дарэчы, вы бачылі літоўскі паб, эмблемай і назвай якога мог бы зрабіцца наш герб? Цікава, як яны ўспрымаюць павагу да сімвалаў і мовы "сваёй" нацыі?" — піша Світоюс, маючы на ўвазе герб "Пагоня" ў пабе.

Нагадаем: беларуская і літоўская "Пагоні" адрозніваюцца.

Бар "Погоня" в Вильнюсе
Бар "Пагоня" месціцца ў цэнтры Вільні — на праспекце Гедыміна, 27

У "Карчме 1863" блогеру таксама не спадабалася, што "ўсе гавораць па-руску, у найлепшым выпадку — па-беларуску". Яшчэ яму не спадабаліся мерапрыемствы ва ўстанове.

"На старонцы "Карчмы"  ў Facebook можна даведацца, што яны адзначаюць розныя беларускія святы і нават ірландскі Дзень святога Валянціна. Аднак літоўскіх святаў, відаць, не існуе", паскардзіўся ён.

Звярнуў увагу актывіст і на тое, што рэстаран збірае подпісы за вывучэнне беларускай мовы ў школах.

"Пра якую інтэграцыю можа ісці гаворка, калі грамадскія ўстановы, якія працуюць ужо некалькі гадоў, не могуць знайсці ніводнага чалавека, які размаўляе па-літоўску? Пра якія больш цесныя сувязі з літоўцамі можа ісці гаворка? Як можна казаць пра якую-небудзь інтэграцыю, калі ў гэтых установах не існуе літоўскай культуры, традыцый і святаў?" падсумаваў ён.

За суткі допіс сабраў пад сотню "расшараў" і 245 каментароў. Сярод тых, хто падзяліўся запісам, — скандальны вядоўца Альгіс Раманаўскас, які нядаўна назваў беларусаў "біямасай".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі