Лукашэнку прапанавалі завесці старонку ў Instagram
На сустрэчы з творчай моладдзю Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму не мае старонкі ў сацыяльных сетках.
Студэнты пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, ці не хоча ён сабе завесці акаўнт у якой-небудзь сацыяльнай сетцы, бо ўся моладзь актыўна карыстаецца сацсеткамі. Там маладыя людзі маглі б чытаць інфармацыю пра дзейнасць беларускага кіраўніка. Лукашэнка распавёў, што яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант ужо даўно прапаноўвае адкрыць старонку, напрыклад, у Instagram. "Марай жыве, каб у мяне недзе там старонка была", — прызнаўся беларускі кіраўнік.
Але такі акаўнт, на думку Лукашэнкі, будзе накладаць вялікую адказнасць. "Там жа будзе нават не тысяча зваротаў, праглядаў, заяў... Вы ж будзеце пісаць з разлікам на кантакты з прэзідэнтам", — заявіў кіраўнік Беларусі.
Ён дадаў, што праз сваю занятасць не зможа адказаць кожнаму падпічыку, а даручаць адказы памочнікам лічыць несумленным. "Таму я ўстрымліваюся ад гэтага, ведаючы, што я не здужаю, не змагу адказваць на ўсе запыты і вашыя пытанні. Вось у мяне такія пакуты і развагі. Таму я не спяшаюся гэта рабіць. Але сайт прэзідэнта ж ёсць. Чаго вы не пішаце туды?" — пацікавіўся кіраўнік Беларусі ва ўдзельнікаў сустрэчы.
Мадэратар сустрэчы аспірант Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Дзмітрый Аўрамчык прапанаваў, каб Лукашэнка проста паведамляў у Instagram пра сваю дзейнасць. Маўляў, усе і так разумеюць, што ён заняты чалавек і адказваць на ўсе паступаюць пытанні не зможа.
Наталля Эйсмант паведаміла, што абмяркоўваецца ідэя стварыць у сацетках старонку прэс-службы Лукашэнкі. "Там у нас будзе магчымасць дзяліцца больш нефармальнымі фатаграфіямі, тым, што мы не зможам размясціць на сайце прэзідэнта", — падзялілася яна планамі.
Дарэчы, Наталля Эйсмант мае свае акаўнты ў сацсетках — у Фэйсбуку і Інстаграме.