Лявон Вольскі просіць фэнаў рабіць відэа з яго канцэрта
Аматарскія ролікі потым будуць аб’яднанаыя з прафесійным відэа і разам складуць канцэртны фільм.
Лявон Вольскі заклікае фэнаў здымаць на відэа свой віленскі канцэрт і ўсё вакол яго. І не важна чым, падыдуць тэлефоны, фотаапараты і відэакамеры. Такім чынам прыхільнікі дапамогуць прафесійнай камандзе, якая таксама будзе весці здымкі, узбагаціць відэа эмоцыямі.
“Гэта цікавы эксперымент, які мае на мэце паказаць выступ з боку гледачоў, дадаць у працу прафесіяналаў як мага больш непасрэднай эмоцыі і атмасферы канцэрту", — тлумачыць Лявон Вольскі.
Рэжысёрка відэаверсіі Марыя Мескавайтэ просіць фэнаў запасціся картамі памяці і акумулятарамі і здымаць само падарожжа на канцэрт, а таксама тое, што будзе адбывацца пасля яго. Выніковыя матэрыялы можна дасылаць праз Інтэрнэт у выглядзе спасылак на запампаваныя файлы на адрас [email protected], альбо прыносіць на дысках у офіс агенцтва "Шаблі".
Нагадаем, канцэрт Лявона Вольскага адбудзецца 11 кастрычніка ў віленскай Teatro Arena. Падчас яго музыка прэзентуе свой новы альбом “Грамадазнаўства”, запісаны пры ўдзеле нарвежскіх музыкаў. Яны ж падыграюць Лявону падчас прэм’еры. Другая частка сэта легенды беларускага року будзе складацца з хітоў гуртоў “Крамбамбуля”, ZET і N.R.M. Згодна з генеральным планам музыкаў, на канцэрце прагучаць 33 песні.
Квіткі на выступ, які адбудзецца ў віленскай Teatro Arena, яшчэ ёсць у продажы ў агенцтве "Шаблі" (бясплатныя візы, папярэдняя рэгістрацыя не патрэбна) і TicketPro (без візавай падтрымкі). Кошт: 350 тыс. руб. (танцпол), 500-700 тыс. руб (партэр). Аўтобусны тур Мінск-Вільня-Мінск — 500 тыс. руб. Інфалінія (033) 6555596. Падрабязная інфармацыя на сайце www.shabli.by.