Лявон Вольскі: Зімой пайду ў качалку (фота, відэа)

“Што ў нас там па спісе — “28-я зорка”? Ласінаў не хапае! Давайце!”, — кажа Лявон Вольскі і разам з музыкамі заводзіць “смешную і настальгічную” песню “Мроі”. Рэпетыцыі беларускага рокера перад вялікім канцэртам у Вільні адбываюцца штодня. Еўрарадыё вырашыла “пракантраляваць” працэс, ці гатовыя заяўленыя 33 песні, якія будуць выкананыя 11 кастрычніка ў віленскай Teatro Arena?

“Не, гэта вельмі шмат, і пакуль іх не адрэпетавалі, — прызнаецца Лявон. — А наогул, адкрыю вам страшэнную таямніцу, з адным усім вядомым басістам мы едзем рэпетаваць “Грамадазнаўства” у Вільню да нашых нарвежскіх музыкаў. Гэта мусіць адбывацца цягам чатырох дзён з ранку да вечара, таму, думаю, гэта будзе канцлагер”.

Вялікі канцэрт Лявона Вольскага ў Вільні перш за ўсё прысвечаны яго апошняму, сольнаму альбому “Грамадазнаўства”. Лявон кажа, што яму кружэлка вельмі падабаецца. І мяркуе, што яе зразумелі тыя, хто хацеў. Пытаем, “Грамадазнаўства” — гэта матэрыял, нерэалізаваны ў свой час у N.R.M.?

“Ну, некаторыя песні маглі б там гучаць, калі б працягвалася наша супрацоўніцтва, у прынцыпе, — пагаджаецца Лявон. — Але яно ж не працягваецца. Так што, што тут казаць? Гэта проста мае аўтарскія песні. Там было іх шмат, а тут усе (смяецца). Моцна дапамаглі, натуральна, нарвежцы і Снор (мультыінструменталіст і саўнд-прадзюсар праекта)”.

Лявон распавядае, што рэпетыцыі з нарвежскімі музыкамі, якія бралі ўдзел у запісе "Грамадазнаўства”, будуць выглядаць адразу як канцэрт, з улікам драматургіі, гуку і святла. “На канцэрце ўсё гэта трэба будзе зрабіць ужо ў знаёмым парадку”, — тлумачыць Вольскі і кажа, што з яго нарвежцамі лёгка паразумецца:

“Яны вельмі сімпатычныя і лёгкія на ўздым. Інакш яны б не жылі большую частку жыцця ў Вільні, а зараблялі б сабе грошы мэнэджэрствам альбо сесійным барабуленнем у нармальных нарвежскіх кавер-бэндах. А так, яны чамусьці папёрліся ў Вільню прыгоды шукаць”.

Тым часам у студыі на вялікім заводзе гучыць хіт усіх часоў “Одзірыдзідзіна”. Брыгада беларускіх музыкаў рэпетуе другую частку віленскага канцэрта, якую складуць 22 песні Лявона Вольскага — аднаго з галоўных хітмэйкераў Беларусі. Каб скласці сэт-ліст, лідар "Крамбамбулі", "Мроі", N.R.M. i Zet звярнуўся да карыстальнікаў Фэйсбуку. Высвятляецца, што пажаданні публікі ў большасці супалі з пажаданнямі музыкі, але фэнаў чамусьці больш цягне на балады:

“Я акурат быў на курорце, і замест таго, каб ісці на пляж, сядзеў лічыў і ставіў палачкі, колькі чаго назбіралася. Чамусьці народ больш упадабаў мае павольныя баладныя песні. “Зямля” назбірала вельмі шмат палачак і “Простыя словы”. Можа быць, таму, што я вельмі часта выконваю гэтыя песні на акустычных канцэртах і народ забыўся пра ўсе астатнія?! Прычым, я ж папярэджваў, што гэта драйвовы электрычны адрэналінавы рок-канцэрт. Але народ, да канца не дачытаўшы мой допіс ( хутчэй за ўсё, ён прачытаў толькі першыя два радкі), пачаў прапаноўваць такія дзіўнаватыя песні як “Фольксваген Пасат універсал”. Некаторыя, праўда, дасылалі разгорнутыя спісы з 90 песень, якія ўключалі ў сябе нейкую дагістарычную творчасць “Мроі”, якую я ўжо сам не памятаю. Гэта мяне і натхніла, дарэчы, на ўключэнне ў ліст “28-й зоркі”, гэтай няшчаснай песні, якая абсалютна смешна гучыць, але досыць настальгічная”.

Лявон мяркуе, што публіка ўвогуле больш любіць тыя песні, якія часцей за ўсё граюцца.

“Каб была нармальная сітуацыя і шмат канцэртаў, то можна было б самому фармаваць густ публікі, проста нейкую старую песню даставаць і граць, — працягвае музыка. — Ці напісаць нейкую новую, якая падабаецца, і граць. І публіка нармальна б успрымала. Бо яна лепш успрымае тыя песні, якія часцей граюцца. Але ў нас такой сітуацыі няма і блізка, а сітуацыя кардынальна іншая — мы граем 2-3 вялікія канцэрты за год, як такія акцыі за мяжой”.

Прапаноўваем Лявону ўявіць сітуацыю, што яго канцэрт дазволены і стоадсоткава пройдзе ў Мінску без аніякіх “сюрпрызаў”. На якую б пляцоўку музыка спакусіўся?

“На вялікую я б не спакушаўся, — катэгарычна адказвае Лявон. — Таму што народ адвык ад гэтага ўсяго. І тое, паглядзім, што будзе на канцэрце ў Вільні. Мне падаецца, што народ ужо прызвычаіўся да такіх акцый, што трэба заплечнік браць і ехаць кудысьці ў замежную сталіцу. Заадно пасядзець там у бары, паглядзець на розныя цікавосткі і прыгажосці, і вяртацца. Мы тут так даўно не гралі вялікіх канцэртаў, што, відаць, патрэбная нейкая вар’яцкая рэкламная кампанія. Таму я не ведаю, якая тут сітуацыя. Але прэтэндаваць на Палац спорту і “Арэну” — не. Ды і гэтую сітуацыю немагчыма ўявіць. Ну як мы гэта ўявім? Гэтага не будзе!”

Напрыканцы нашай размовы пытаемся, ці не думае музыка змяніць стыль жыцця?

“Стыль жыцця? — недаверліва перапытвае рокер. — То бок, пачаць у качалку хадзіць? Я падумваю пра гэта рэгулярна (смяецца)! Такая папулярная цяпер тэма. Тым болей, побач знаходзіцца Паша Аракелян, які мяне пастаянна туды цягне. А я ўсё ўпіраюся, бо звычайна крышачку займаюся дома. Але ў прынцыпе, я, напэўна, саспею. Зімой, можа быць. Асабліва калі Паша прыкладзе пару сур’ёзных намаганняў, то я здамся і папруся туды цягаць жалеза, таму што, як вядома, “лучшие друзья мужчины…” (смяецца)”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі