Людзі за белымі сцягамі

Лэслі Понсэ кожны дзень выходзіць на дарогу з белым сцягам — прасіць ежы / El Faro / Карлас Барэра 
Лэслі Понсэ кожны дзень выходзіць на дарогу з белым сцягам — прасіць ежы / El Faro / Карлас Барэра 

Ануча, футболка, кавалак кардону, сцяг, ірваны мяшок, аркуш паперы, галоўнае — белага колеру. Гэтыя сімвалы голаду і нястачы з'явіліся ў самых уразлівых кутках Сальвадора. Сцягі — новая мова дамоў і цэлых вёсак у цэнтральным Сальвадоры, мова вуліц і паселішчаў на абочынах трас, дзе людзі просяць ежы. Рабочыя, парабкі, зборшчыкі смецця, вулічныя гандляры нічога не зарабляюць больш за два месяцы. Яны зачыненыя ў пастцы ўласных дамоў праз каранцін, уведзены ў Сальвадоры з 21 сакавіка. Гэтыя фотаздымкі зроблены ў траўні незалежным сальвадорскім медыя El Faro. За белымі анучамі — людзі. Людзі і іх пакуты.

Люди за белыми флагами
Фота El Faro: Віктор Пенья

Браты Кевін і Дыега Лопэс, 6 і 7 гадоў, лічаць машыны, якія праязджаюць па бульвары дэль Эхерсіта. Тут уезд у іх пасёлак імя 15 сакавіка, які з'явіўся ў 2008 годзе паміж сталіцай Сан-Сальвадорам і горадам Саяпанга. 125 пабудоў з дошак і старога шыферу на пустцы, па меншай меры 500 жыхароў. Тут бушуе голад: большая частка мясцовых жыхароў — вулічныя гандляры, за апошнія 70 дзён яны не прадалі нічога.

Люди за белыми флагами
Фота El Faro: Віктор Пенья

Пэдра Мантана, 11 гадоў, нырае ў "ванну", зробленую з камеры старога халадзільніка. Яго сястра Мілагра чакае сваёй чаргі. Іх дом у пасёлку імя 15 сакавіка пабудаваны са смецця, якое бацькі сабралі на вуліцы. Дзецям дазволена гадзіну ў дзень адпачываць у сваім "басейне". А за мяжой пасёлка яны ходзяць і махаюць белай коўдрай, проста перад кантрольна-прапускным пунктам, дзе затрымліваюць тых, хто едзе ў Саяпанга.

Люди за белыми флагами
Фота El Faro: Карлас Барэра

Бланка Лідыя Лопэс прыладжвае на дзверы белую анучу з надпісам "Мы хочам есці". Бланка і яшчэ 100 чалавек жывуць у доме 219 у квартале Кансэпсьён Сан-Сальвадора. Большасць тут жыве нелегальным гандлем, і вось ужо два з лішнім месяцы гэтыя людзі не могуць выйсці на вуліцы сталіцы.

Люди за белыми флагами
Фота El Faro: Віктор Пенья

Марыа Куінтанілья — аўтамеханік. Адзінокі, без жонкі, без дзяцей — і без працы. З пачатку каранціну ён выжывае толькі дзякуючы клопату суседзяў. Марыа 80 гадоў, ён жыве сярод груды старых запчастак, пад дахам з дзіравага шыферу, праз які прасочваецца дажджавая вада.

Люди за белыми флагами
Фота El Faro: Віктор Пенья

Над Фатымай і яе сям'ёй пастаянна вісіць пагроза. Кожны раз, калі ідзе дождж, на іх жыллё падаюць кавалкі зямлі. Іх дом — апошні на лініі А пасёлка імя 15 сакавіка, мясцовыя жыхары зладзілі тут пластыкавую абарону ад апоўзня. Фатыма з мужам — уладальнікі дробнага бізнесу, гандлююць така ў гістарычным цэнтры Сан-Сальвадора. З 14 сакавіка яны не зарабілі нічога.

Люди за белыми флагами
Фота El Faro: Віктор Пенья

У 72-гадовай Маргарыты Гансалес — нырачная недастатковасць. З пачатку каранціну яна не можа дабрацца да шпіталя Расалес, каб атрымаць лекі. Маргарыта жыве адна, але дзеці час ад часу ёй дапамагаюць. Яе хаціна ў самым канцы лініі Е разбураецца з кожным днём.

Люди за белыми флагами
Фота El Faro: Віктор Пенья

Дом Ісраэля Акіна ў пасёлку 15 сакавіка — куча смецця. Каб увайсці, даводзіцца сагнуцца. Ісраэль пабудаваў жыллё з аркушаў старога шыферу і кавалкаў пластыку, якія ён знаходзіць, калі збірае пластыкавыя бутэлькі, каб потым прадаць іх перапрацоўшчыку. Ісраэлю 56 гадоў, і з 1985 года ён збірае смецце. Праз каранцін ён не можа выходзіць з дома. Запэўнівае, што бываюць дні, калі даводзіцца класціся спаць галодным.

Люди за белыми флагами
Фота El Faro: Карлас Барэра

Кожны раз, калі жыхары дома 207 у квартале Кансэпсьён чуюць шум машыны, яны выходзяць на парог спадзеючыся атрымаць якую-небудзь ежу. 25 сем'яў не могуць выйсці з дома на вуліцу. Усе яны працуюць — гандлююць у гістарычным цэнтры.

Люди за белыми флагами
Фота El Faro: Віктор Пенья

Злева кухня сям'і Сеговія, справа — Мантана. Тут жывуць чацвёра дарослых і трое дзяцей — 7 чалавек у каморцы з шыферу 8 на 5 метраў. Дарослыя ў абедзвюх сем'ях зарабляюць на жыццё гандлем у аўтобусе ці на рынку ў былым кінатэатры Avenida. З 15 сакавіка даходаў у іх няма: перасталі выходзіць з дома, калі пачулі навіны пра хуткае ўвядзенне рэжыму надзвычайнай сітуацыі.

Люди за белыми флагами
Фота El Faro: Віктор Пенья

Саул Байса, 67 гадоў, скупляў перапрацаваны алюміній і пластык. Больш за два месяцы сядзіць без працы. Праўда, у красавіку ён здолеў атрымаць 300 долараў дапамогі ад урада. "Яшчэ ў мяне адкладзена дзесьці 140 долараў, але грошы канчаюцца. Мой бізнес абваліўся, мы адкаціліся назад", — кажа Саул. Яны з жонкай жывуць у старым драўляным доме на вуліцы Кансэпсьён у цэнтры Сан-Сальвадора.

Люди за белыми флагами
Фота El Faro: Карлас Барэра

Луіс Васкес здымае пакой плошчай чатыры квадратныя метры ў доме 207. Тут ён і праводзіць на каранціне 24 гадзіны ў суткі. Уся мэбля — канапа без ножак, стол і крэсла. Тут у яго і гасцёўня, і спальня, і кухня — усё. За сцяной, на вуліцы — белы сцяг, просьба пра дапамогу.

Люди за белыми флагами
Фота El Faro: Карлас Барэра

23-гадовая Лэслі Понсэ кожны дзень выходзіць на трасу на Сансанатэ з белым сцягам — прасіць ежы. Гэта месца вядомае як "Пасёлак 601" раёна Ла Лібертад горада Калон. З 30 сем'яў, якія жывуць тут, ні адна не атрымала ні абяцаных урадам 300 долараў, ні харчовай дапамогі, кажа Лэслі. На плакаце: "Шэсцьсот адзін. Нам патрэбна ежа. Дапамажыце!"

Сусветная арганізацыя аховы здароўя называе Цэнтральную і Паўднёвую Амерыку новым эпіцэнтрам пандэміі каранавіруса. Па Сальвадоры — адной з самых густанаселеных у рэгіёне і адной з самых бедных краін у свеце — каранцін ударыў ці не больш, чым сама хвароба. Больш за 2 мільёны з 6,4-мільённага насельніцтва Рэспублікі Эль-Сальвадор, так яна афіцыйна называецца, жывуць за рысай беднасці.

Публікуецца з дазволу выдання El Faro, пераклад з іспанскай — Наталля Маршалковіч, Медиасеть

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі