"Маці 328" адказваюць Лукашэнку і старшыні Вярхоўнага суда

Удзельніца галадоўкі Ліяна Шуба ў атачэнні групы падтрымкі
Удзельніца галадоўкі Ліяна Шуба ў атачэнні групы падтрымкі

Аслабляць адказнасць для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў недапушчальна, а галадоўка "маці-328" — "ціск і ўмяшанне ў правасуддзе". Такі вердыкт, спасылаючыся на словы кіраўніка дзяржавы, агучвае старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала пасля сустрэчы з Лукашэнкам 8 траўня.

Еўрарадыё звярнулася да ўдзельніц галадоўкі з просьбай пракаментаваць словы чыноўнікаў.

Валянцін Сукала: "Ёсць законны спосаб звароту ў Вярхоўны суд з нагляднымі скаргамі па кожным канкрэтным выпадку. З тых, хто абвясціў галадоўку, у Вярхоўны суд звярталася толькі шэсць. Прычым двое, мне здаецца, атрымалі па скаргах задавальненне. Пакаранне было зніжана".

Ліяна Шуба, галадае ў Калінкавічах дванаццаты дзень: "Тут ключавая фраза — "як мне здаецца". Канкрэтна ў мяне і ў паловы нашых мам няма сродкаў для таго, каб наняць адваката, напісаць наглядную скаргу. Чаму патрэбны адвакат? Таму што мы юрыдычна непісьменныя.

Па-другое, у нас няма доступу да матэрыялаў крымінальнай справы. Нашы дзеці пішуць скаргі самі — сапраўды такія юрыдычна непісьменныя хлопцы вышукваюць нейкія магчымасці, каб пачытаць кодэксы. Мой сын сам пісаў апеляцыйную скаргу, ён пісаў у абласны суд сам. Цяпер ён піша скаргу ў пракуратуру. Мы фізічна проста не паспелі дайсці да Вярхоўнага суда. Таксама і большасць нашых мам.

Першапачаткова галадоўку пачыналі 14 чалавек. Калі шасцёра прайшлі канчатковую інстанцыю, то ў астатніх на гэта проста не было сродкаў. Я не ведаю дзецям якіх нашых мам Вярхоўны суд адмяніў прысуд. Сярод галадоўнікаў у Калінкавічах такіх мам няма".

“Матери 328” отвечают Лукашенко и председателю Верховного суда
Валянцін Сукала. Фота: gomel.today

Таццяна Канеўская: "Раённы суд вынес прысуд — 8 гадоў і адзін месяц узмоцненага рэжыму. Сын ішоў па першай і трэцяй частцы артыкула 328. Потым быў апеляцыйны суд — прысуд пакінулі без зменаў. Пасля гэтага сын падаў наглядную скаргу ў генпракуратуру на вынясенне прысуду абласнога суда.

Трэцюю частку артыкула замянілі на другую, у выніку — далі пяць гадоў. Ён падаваў потым скаргу і ў Вярхоўны суд. Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў. Наколькі ведаю я, з тых, хто галадае, у Вярхоўны суд звярталася ўсяго тры чалавекі. Прысуды засталіся без змен".

Ларыса Жыгар: "Не ведаю, хто атрымаў задавальненне ў скаргах, мы размаўлялі з мамамі, якія галадаюць, на гэтую тэму. Хтосьці не падаваў, хтосьці чакае часу, каб падаць у Вярхоўны суд. Самі адвакаты раяць: "Пакуль не будуць змены ў заканадаўстве, лепш не спяшацца звяртацца ў Вярхоўны суд".

Аляксандр Лукашэнка: "Паслабленняў ў дачыненні да збытчыкаў наркотыкаў быць не можа".

Ліяна Шуба: "Гэтую цытату перадалі журналісты і сам Сукала, таму спадзяёмся, што тут спрацаваў "сапсаваны тэлефон". Мы з трэціх вуснаў даведаемся словы прэзідэнта. Гэта ж не ён даваў інтэрв'ю журналістам, а старшыня Вярхоўнага суда інтэрпрэтуе словы кіраўніка дзяржавы. Калі, усё ж такі, усё пэўна, я перакананая, што Лукашэнку давялі аднабаковую інфармацыю — з пункту гледжання сілавых ведамстваў, заснаваную на статыстыцы. Гэта значыць прэзідэнт зноў не пачуў маці, па якойсьці прычыне не хоча нас чуць. А ў нас зусім іншая інфармацыя.

Нават лічбы колькасці асуджаных адрозніваюцца ад тых, якія агучваюць у МУС. Мы гаворым менавіта пра тое, што вельмі шмат прысудаў выносіцца несправядліва, з-за парушэнняў і памылак падчас аператыўнай распрацоўкі і следства. Мы не просім вызваліць наркабаронаў, мы просім справядлівага судзейства. Гэта зусім не шантаж. Гэта маленне аб дапамозе. Мы просім стварыць камісію па справядліваму перагляду спраў, змякчэння пакарання па 328 артыкуле. Ненармальна, калі за кілаграм спайсу і два грамы марыхуаны людзі атрымліваюць аднолькавы тэрмін. А падобных прысудаў шмат".

Валянцін Сукала: "Што тычыцца той формы, якая сёння выбрана групай маці, то гэта з'яўляецца недапушчальным, гэта ціск і ўмяшанне ў правасуддзе".

Ліяна Шуба: "Усім падаецца, што мы — маці наркабарыг, маўляў, мы шантажуем улады, і пайсці нам на саступкі ніяк нельга, каб не ствараць прэцэдэнт. Зразумейце, калі б мой сын быў вінаваты, я б ціхенька сядзела дома. Калі я перакананая, што ён не вінаваты, я гатовая пайсці на тое, каб ахвяраваць сваім здароўем — гэта раз, дазволіць паласкаць сваё імя і імя свайго сына ў СМІ — гэта два. Мама вінаватага дзіцяці не пойдзе на такое. Яна будзе сядзець дома і думаць пра тое, што няправільна выхавала свайго сына.

Майго сына пасадзілі за недаказаны збыт 5 міліграмаў спайсу. Недаказаны, таму што ў гэты час і ў гэтую гадзіну ён знаходзіўся на працы. Гэтаму ёсць сведкі і відэазапіс. Яго затрымалі ў 2015 годзе ў чэрвені, яму было 20 гадоў. У СІЗА яму споўніўся 21. Асуджаны на 10 гадоў. Выйдзе трыццацігадовым. Усю сваю маладосць правядзе ў калоніі, але нават не гэта самае страшнае. Самае страшнае, што змяняецца свядомасць у хлопцаў, якія доўга сядзяць за кратамі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі