Малітвы перад урнамі, фіранкі на камерах і флаеры для выбаршчыкаў
Фота: "Новая газета"
Паводле матэрыялаў “Новой газеты” і “Кавказского узла”:
За кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Пуціна прагаласавала 76,66% ад тых, хто прыйшоў на выбары, заявіла сёння раніцай кіраўніца ЦВК Расіі Эла Памфілава па выніках падліку 99,84% бюлетэняў.
Памфілава удакладніла, што яўка была высокай — 67,47%, і гэта звязана з шырокай інфармацыйнай кампаніяй, а самі выбары прайшлі "максімальна адкрыта".
Дагестанскія тэхналогіі
Пры гэтым на сямі участках у трох суб'ектах федэрацыі вынікі былі ануляваныя. У сувязі з гэтым старшыня ЦВК згадала Дагестан, які на працягу дня шматкроць фігураваў у СМІ ў кантэксце парушэнняў.
Напрыклад, інтэрнэт-выданне "Кавказский узел" паведамляла пра інцыдэнт у Махачкале — назіральнікаў сілай вывелі з тэрыторыі ўчастка і прымусілі сцерці відэа з тэлефонаў.
У СМІ трапілі кадры, знятыя на іншым участку ў Дагестане: на іх камера назірання зафіксавала ўкід бюлетэняў у скрыню.
Навіны з Дагестана не заўсёды тычыліся парушэнняў, часам яны распавядалі аб высокай яўцы — да вечара тут аддало галасы больш за 72% выбаршчыкаў. Некаторыя мяркуюць, што важную ролю магло сыграць мясцовае духавенства.
У дзень выбараў муфтый Дагестана Ахмад Абдулай зладзіў малітву каля выбарчай урны, а перад выбарамі муфтый апрацоўваў вернікаў на тэму палітычнай актыўнасці, што, на думку навуковага супрацоўніка Цэнтра этнапалітычных даследаванняў Інстытута этналогіі і антрапалогіі РАН Ахмета Ярлыкапава выразна спрыяла росту яўкі. "Перад выбарамі ўплыў духавенства быў выкарыстаны на поўную моц," — сказаў Ярлыкапаў “Кавказскому узлу”.
Укіды і ціск на назіральнікаў і выбаршчыкаў
Камеры назірання спатрэбіліся і ў падмаскоўным горадзе Люберцы: тут яны зафіксавалі, як адной супрацоўніцы выбарчай камісіі пад сталом перадалі пачак бюлетэняў, а іншая апусціла іх у скрыню. Пасля ўсе бюлетэні ў гэтай скрыні былі ануляваныя, паведаміла "Новая газета".
У цэлым назіральнікі з самай раніцы адзначылі спробы "нейтралізаваць" камеры назірання на многіх участках. Так, піша "Новая газета" са спасылкай на праект "Карта парушэнняў на выбарах", "камеры ўсталяваныя так, што скрыні не трапляюць у іх поле зроку. Напрыклад, на Камчатцы камеру завесілі, у Нальчыку і Валгаградзе палова агляду камеры таксама закрытая шторамі. Самымі вынаходлівымі аказаліся ў Геленджыку: там камеры паказваюць белыя паветраныя шарыкі".
Палітолагі, з якімі “Новая газета” абмеркавала мінулыя прэзідэнцкія выбары, вылучылі некалькі момантаў. Грыгорый Мельканьянц, сустаршыня руху "Голас", убачыў сігналы прымусу да галасавання:
"У прыватнасці, людзі прыходзілі на ўчасткі арганізаванымі групамі. Гэта ўскосна пацвярджае, што многія галасавалі пад ціскам".
Схему прымусу да галасавання ўдалося раскрыць карэспандэнту “Кавказского узла” ў Сочы: як піша гэтае інтэрнэт-выданне, на адным з участкаў тым, хто прагаласаваў, раздавалі флаеры, якія мусілі стаць сведчаннем таго, што чалавек сапраўды быў на галасаванні. "Флаер трэба прынесці на працу, каб пацвердзіць, што ты сапраўды галасаваў, — сказаў карэспандэнту "Каўказскага вузла" адзін з тых, хто прагаласаваў, — калі не прынясеш, то пазбавяць прэміі".