Мастак зафарбаванага партрэта Дацэнта: мне больш смешна, чым крыўдна

Партрэт Яўгена Лявонава ў ролі Дацэнта з фільма "Джэнтэльмены ўдачы" на трансфарматарнай будцы ў Віцебску зафарбавалі. Па словах відавочцаў, зрабілі гэта раніцай 20 ліпеня рабочыя Віцебскіх электрычных сетак, якім і належыць забудова.

“Там ніякіх партрэтаў Лявонава не прапісана, і ён не быў нідзе ўзгоднены”, — намеснік дырэктара ВЭС Андрэй Квачонак спачатку губляецца і пачынае апраўдваць дзеянні сваіх супрацоўнікаў адпаведнымі нарматывамі вонкавага выгляду трансфарматарных падстанцый. Але потым прызнаецца, што абсалютна не супраць прыгожых малюнкаў на сценах, нават нягледзячы на некаторыя прафесійныя нязручнасці.

“Ёсць такі момант, за гэтымі партрэтамі не відаць расколінаў, — тлумачыць Андрэй Квачонак. — Калі стары будынак, то мы адсочваем расколіны, каб, не дай Бог, фундамент не пайшоў. Але зразумейце правільна! Мы ж не варвары якія! Калі прыгожа, то яно прыгожа! Але калі пачынаюць прымалёўваць розную брыдоту…”.

Вось калі б гэты малюнак быў узгоднены з райвыканкамам – няма праблемы. “Больш за тое, — дадае намеснік дырэктара Віцебскіх электрычных сетак, — можна было прыцягнуць да адказнасці вандалаў!”.

Выява Дацэнта ў момант, калі ён пагражае аўтарытэту Ніколу Піцерскаму “парваць пасць” і “выкалаць лыпала”, была створаная віцебскай стрыт-арт-камандай "HoodGraff" у канцы траўня. Вандалы сапраўды залівалі яго фарбамі. Кожны раз нехта старанна аднаўляў партрэт. Не надоўга. І нават знайшліся людзі, якія ўзялі адказнасць за вандалізм на сябе, патлумачыўшы гэты крок дзіўным “бо не трэба прапагандаваць зэкаў”!

Тут калісьці быў намаляваны Дацэнт

Стваральнік стрыт-арт-каманды Арці Бурж прызнаецца, што абсалютна не крыўдуе на супрацоўнікаў Віцебскіх электрычных сетак.

“Мы ведаем дакладна, што пасля заканчэння працы графіці будзе жыць на фота, — кажа мастак. — Тое, што з работай адбываецца далей, ужо знаходзіцца на адказнасці вуліц: вандалы, ЖКГ, алкашы… гэта гаворыць пра культурнае развіццё. Практыка паказвае, што ў Пецярбургу, напрыклад, больш-менш цэняць, а вось у Віцебску не вельмі. Але для мяне дык гэта больш смешна, чым крыўдна. А Віцебскэнерга я выдатна разумею, бо спробы захаваць партрэт былі і гэта дастойна павагі. Яны проста нарэшце вывелі з гэтай гульні гэтага беднага Лявонава, каб больш сценку не псавалі”.

На партрэт знакамітага расійскага акцёра спатрэбілася каля 15 аэразольных балонаў, тры літры фасаднага акрылу і тры дні працы з улікам доўгіх размоваў з міліцыяй і некаторых нечаканасцяў надвор’я. Што датычыцца легалізацыі сваёй творчасці, “HoodGraff” пра гэта нават не думаюць.

“Тэрміны ўзгаднення. Каб намаляваць партрэт, трэба недзе месяц і больш, каб яго ўхвалілі, калі ўхваляць… Пачынаючы ад забудоўшчыка, гаспадара будынку, сканчваючы камітэтам архітэктуры і адміністрацыяй раёна. Я лічу, што нам не патрэбныя ўзгадненні. Мы ж не лезем на фасады дамоў. А трансфарматарныя будкі — выдатны фармат для нелегальных малюнкаў”.

Каманда "HoodGraff" ужо намалявала некалькі дзесяткаў партрэтаў знакамітасцяў у Віцебску і Санкт-Пецярбургу. Хлопцы спрабавалі зрабіць графіці і ў Мінску. У адным з двароў магла з’явіцца выява Васіля Быкава. Але супрацоўнікі бліжэйшага ЖЭСа выклікалі міліцыю. Нягледзячы на тое, што ў выніку і галоўны архітэктар горада, і тыя ж жэсаўцы з міліцыянтамі былі не супраць заканчэння малюнка, мастакам прысудзілі 18 млн рублёў штрафу.

Пакуль "HoodGraff" працуюць над увядзеннем у свае малюнкі колеру і строяць планы на восень-зіму. Таму, калі з’явіцца новы партрэт зоркі і ў якім горадзе, пакуль невядома. Але дакладна гэта будзе не Мінск, бо “мяркуючы па ўсім, цэнтр сталіцы ў бліжэйшыя гады не гатовы прыняць стрыт-арт”, — з усмешкай рэзюмуе Арці Бурж.

Фота: news.vitebsk.cc ды з сацыяльных сетак каманды HoodGraf

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі