Медсястра: у прафсаюзе просяць даказаць, што заражэнне COVID-19 было на працы

Медсястра: у прафсаюзе просяць даказаць, што заражэнне COVID-19 было на працы

Сродкі індывідуальнай абароны ад каранавіруса ў паліклініках Баранавічаў з'явіліся толькі ў сярэдзіне красавіка. Пра гэта выданню Intex-press распавяла медсястра паліклінікі Наталля Каролік, якае працуе ў медыцыне больш за 20 гадоў. 

Па яе словах, начальства спадзявалася, што "пранясе". Сродкі абароны з'явіліся толькі дзякуючы валанцёрам. "Праз адсутнасць сродкаў абароны ў нас у тэрапіі цэлы месяц практычна не было лекараў, хварэлі, у некаторых пацвердзіўся каранавірус. Працавалі адны медсёстры, на прыёме сядзелі дактары іншай кваліфікацыі", — дзеліцца яна падрабязнасцямі.

Цяпер, па словах медсястры, сродкі абароны ўжываюцца толькі ў "бруднай зоне". На звычайным прыёме медыкі па-ранейшаму маюць толькі медыцынскі халат і маску, хаця да іх могуць прыйсці і бессімптомныя носьбіты COVID-19. 

Каролік заяўляе, што перад пачаткам змены ў медсёстраў тэмпературу не вымяраюць, агляд тэрапеўта яны не праходзяць. Кожная сама запісвае ў сшытак — "здаровая". "Дзеля эксперыменту я аднойчы запісала, што хворая, але ніхто на гэта не адрэагаваў", — прызнаецца жанчына. Тэсты на каранавірус робяць кожныя 16-20 дзён.

Па словах медсястры, медыкі апынуліся ў сітуацыі, калі дапамагаюць ім толькі валанцёры і знаёмыя. 

"Я не знаходжуся ў прафсаюзе медыкаў, бо гэта глухі нумар. У ім практычна нічым не дапамагаюць, а калі частка нашага медперсаналу захварэла на каранавірус і звярнулася туды па кампенсацыю, то папрасілі даказаць, што заражэнне адбылося менавіта на працы. А як гэта даказаць?" — абураецца жанчына.

Таксама яна згадвае, што тэсты на COVID-19 забаранілі рабіць у паліклініках — толькі ў шпіталях і толькі цяжкахворым пацыентам. Каролік лічыць, што гэта зроблена спецыяльна, каб не плаціць медыкам у паліклініках надбаўкі за працу з каранавіруснымі хворымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі