Менеджар БАТЭ: Крокі да беларускай мовы ― гэта пытанне непрацяглага часу

Нагадаем, што пасля таго як брэсцкае “Дынама” выказала намер пісаць на ўніформе  прозвішчы гульцоў па-беларуску, пра гэта запыталіся ў іншых клубаў.

ФК БАТЭ адрэагавала на ініцыятыву адмоўна. Менеджар па маркетынгу барысаўскага клуба Віктар Хадасевіч на дасканалай беларускай мове патлумачыў сітуацыю:

“Па-першае, яшчэ да таго, як з’явілася гэта прапанова, абмяркоўваліся такія ідэі. І калі яны аказаліся не рэалізаванымі, значыцца ― мы не гатовыя”.

Еўрарадыё: Чаму?

Віктар Хадасевіч: “Прасцей нічога не рабіць, чым рабіць нешта новае. Вырашылі ісці такім шляхам. Насамрэч я думаю, што гэта пытанне часу, прытым часу непрацяглага. Напісаць па-беларуску на футболках ― гэта самае простае. Вядуцца размовы пра беларускую версію сайта. У спецыялістаў, якія працуюць у прэс-службе, першая мова ― руская, яны на ёй размаўляюць і думаюць. Мы не вельмі ўпэўнены, што беларускамоўная версія атрымаецца якаснай, і не вельмі хацелася б, каб нехта смяяўся з памылак на афіцыйным сайце. Але не ў гэтым сезоне, дык у наступным будуць зроблены адпаведныя крокі. Я ўжо казаў ― гэта рэчаіснасць, і калі ёй не адпавядаць, то навошта тады працаваць?”

Круглы стол, на якім абмяркоўвалі прасоўванне топавых беларускіх клубаў пры дапамозе роднай мовы і нацыянальных сімвалаў-брэндаў, прайшоў у аўторак 29 траўня ў межах фестывалю рэкламы AD.NAK!   

На фота злева: рулявая кампаніі "Будзьма беларусамі" Алена Макоўская, дырэктар агенцтва спартовага маркетынгу Sportteam Валерый Гарэлікаў, Віктар Хадасевіч, дацэнт БДУ Павел Салаўёў, кіраўнік менеджмента "Цмокаў-Мінск" Аляксандр Куль, кіраўнік прэс-службы ХК "Дынама-Мінск" Іван Караічаў

Фота goals.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі