Міліцыянер і даішнік замест адпачынку пайшлі працаваць камбайнерамі

Міліцыянер і даішнік замест адпачынку пайшлі працаваць камбайнерамі

Летні адпачынак можна правесці па-рознаму — ад стандартных дачы ці мора да паходаў у горы ці паўночную тундру. Але ёсць такія беларускія міліцыянеры, якія свой летні адпачынак правялі зусім арыгінальна — на камбайне. Больш за тое, працавалі так ударна, што сталі камбайнерамі-тысячнікамі: намалацілі больш за тысячу тон зерня. 

І інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ Жабінкаўскага РАУС, малодшы лейтэнант Аляксей Буцько, і оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Маларыцкага РАУС капітан Павел Клюнчык запэўніваюць: так правесці свой адпачынак яны вырашылі самі. І жонкі іх нібыта былі зусім не супраць таго, што адпачыць на моры ім не выпадае. Але навошта гэта было міліцыянерам?

“Хацелася паспрабаваць нечага такога… — спрабуе растлумачыць прычыну свайго рашэння Павел Клюнчык. — Трэба ў жыцці ўсё спрабаваць! Магчымасць выпала — у мяне адпачынак па графіку быў. Вось, атрымалася так, што ўсё супала”.

Пра тое, што яго з дзяцінства цягнула да тэхнікі, расказвае і інспектар ДАІ Аляксей Буцько. Прычым так цягнула, што ён цяпер не толькі працуе ў дарожна-патрульнай службе, але і на камбайн не першы раз сядае.

“Пасля каледжа адпрацоўваў практыку ў адной гаспадарцы, і там прапанавалі на ўборку пайсці на камбайн. Тады не атрымалася, і замест мяне пайшоў мой бацька на той камбайн. Але на наступны год я пайшоў да яго памочнікам. Яшчэ праз год мне прапанавалі пайсці ў іншы калгас — калгас лепшы, ураджайнасць вышэйшая. Пачаў там працаваць камбайнерам, і праз год да мяне бацька прыйшоў памочнікам”, — кажа малодшы лейтэнант.

Вядома, падчас уборачнай камбайнеры зарабляюць вельмі неблагія грошы. Але абодва міліцыянеры адмаўляюць чыста матэрыяльную зацікаўленасць свайго выбару.

“Так, заробак таксама мае месца, але гэта не галоўнае — проста цягнула да тэхнікі, — запэўнівае Аляксей Буцько. — Паспаборнічаць жаданне было з іншымі камбайнерамі, можа, месца якое заняць, намалаціць больш. Грошы таксама, але не галоўная гэта была прычына, каб пайсці на ўборку”.

“Спачатку было проста цікава, разумееце, — пагаджаецца з калегам оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку. — Але адно другому не перашкаджае. Толькі чыста матэрыяльнага нічога там не было — проста цікава было сябе паспрабаваць у нечым. Ці магу я быць кімсьці, апроч міліцыянера, разумееце, якая справа?”

Колькі канкрэтна зарабілі за месяц адпачынку на камбайне, міліцыянеры не кажуць. Аляксей Буцько толькі прызнаецца, што зарабіў за гэты месяц у 2,5 разы больш за свой месячны заробак малодшага лейтэнанта. Што цікава: на прапанову сысці з міліцыі ў камбайнеры, калі ім гэтая справа так падабаецца, абодва рэагуюць так, нібыта я раптоўна з’ехаў з глузду.

"Але ж камбайнерам — гэта не пастаянна, разумееце? Тут жа не так, што камбайнерам цэлы год можна працаваць, правільна?" — даводзіць Павел Клюнчык.

— Летам — камбайнер, а зімой — механізатар, на трактары можна працаваць…

— Ай, не! Гэта ж несур’ёзна!

Дакладна такая ж рэакцыя на прапанову змяніць патрульную машыну на сельскагаспадарчую — і ў аматара тэхнікі Аляксея Буцько.

“Камбайн — гэта ж сезонна. Ён там дзесьці месяц толькі летам працуе, а ўвесь астатні час стаіць. А да другога нечага (іншай сельскагаспадарчай тэхнікі — Еўрарадыё) нешта не асабліва цягне… Няма ўжо такой цікавасці”.

Абодва суразмоўцы ўпэўніваюць: на наступны год абавязкова будуць браць адпачынак так, каб ізноў трапіць на ўборачную і сесці на камбайн. Маўляў, ні мора, ні дачы, ні тундры ў гарах ім не трэба — толькі дай магчымасць зерне ўбіраць з беларускіх палёў. Такія вось у нас міліцыянеры. І іх жонкі, якія згодныя не ехаць сям’ёй на адпачынак, але каб іх мужчыны сваю цікаўнасць задаволілі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі