Мінюст прапанаваў Аб’яднанай грамадзянскай партыі самаліквідавацца

Сцяг АГП / racyja.com
Сцяг АГП / racyja.com

Мінюст Беларусі прапанаваў Аб’яднанай грамадзянскай партыі самаліквідавацца. "Мы гэта рабіць не будзем, і такое рашэнне прынялі ўжо даўно. Няхай ліквідуюць, робяць гэта самі", кажа ў каментары "Народнай волі" сябра партыйнага палітсавета Леў Марголін. Раней Мінюст прапанаваў самаліквідавацца Беларускай партыі "Зялёныя".

Улады РБ праводзяць перарэгістрацыю партый. Чыноўнікі і прапагандысты неаднаразова заяўлялі, што яе пройдуць толькі праўладныя партыі. Так і сталася, пасведчанні атрымалі "Белая Русь", Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Камуністычная партыя Беларусі.

Калі "Зялёныя" падавалі дакументы на перарэгістрацыю (ім адмовілі), то АГП — не. "Не бачылі ў гэтым сэнс", — кажа Марголін. Ён мяркуе, што партыю чакае ліквідацыя праз суд. "Асноўны актыў Аб’яднанай грамадзянскай партыі знаходзіцца за межамі Беларусі. Так што, калі і будзе працягвацца нейкая партыйная дзейнасць, то ў асноўным за мяжой. У Беларусі актыўная палітычная праца немагчыма, бо гэта небяспечна. І ніхто гэтым займацца не будзе... Можна забараніць партыі і пасадзіць актывістаў, але нельга забараніць людзям думаць інакш", — дадае Леў Марголін.

Лідар АГП Мікалай Казлоў знаходзіцца за кратамі, прызнаны палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі