МЗС Польшчы пракаментавала скандальную справу з помнікам Касцюшку ў Швейцарыі
МЗС Польшчы пракаментавала скандальную справу з помнікам кіраўніку вызваленчага паўстання 1794-га Тадэвушу Касцюшку (1746 — 1817) у Залатурне ў Швейцарыі. Як паведамляла Еўрарадыё, беларуская дыяспара вырашыла ўсталяваць помнік да 200-х угодкаў з дня смерці Касцюшкі. На шыльдзе, з-за якой пачаўся канфлікт, быў надпіс: “Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў. Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі. 2017”. Аднак польскім дыпламатам тэкст не спадабаўся, яны атрымалі падтрымку ў мэрыі і… згадкі пра Беларусь і беларуская мова з шыльды зніклі.
У лісце з МЗС Польшчы, які атрымала Еўрарадыё, адзначаецца, што Польшча лічыць Тадэвуша Касцюшку “універсальным героем чалавецтва”, а не толькі “сынам Беларусі” ці “польскім генералам”. Польскі бок лічыць непрымальным, што на шыльдзе, якую зрабілі беларусы, няма згадкі пра якія-небудзь сувязі нашага суайчынніка з Польшчай. Яго прапановай было, каб на шыльдзе былі толькі імя і прозвішча Касцюшкі, без “сына Беларусі”. Пры гэтым палякі разглядалі праект “вялікім шанцам на супольную польска-беларускую ініцыятыву”. Цяпер жа, адзначае знешнепалітычнае ведамства, беларускі бок выйшаў з перамоў без тлумачэння прычын і збіраецца самастойна правесці ўрачыстасць, якая запланавана на 21 кастрычніка.