На хвалі каранавіруса: як кіраўнічая партыя Польшчы спрабуе змяніць Канстытуцыю
Актывіст у час успышкі каранавіруса пратэстуе супраць ініцыятывы зрабіць больш жорсткімі правілы абортаў перад парламентам у Варшаве / Reuters
Польскі Сейм плануе разгледзець змены ў Канстытуцыю з-за каранавіруса. 10 траўня ў Польшчы павінны прайсці выбары прэзідэнта, але праз пандэмію і каранцін (а каранцін у палякаў даволі жорсткі) правесці іх праблематычна.
Правая кааліцыя ў Сейме знайшла выйсце — змяніць Канстытуцыю. Прапануецца падоўжыць прэзідэнцтва на два гады: з пяці гадоў да сямі, але абмежаваць магчымасць займаць пасаду прэзідэнта адным тэрмінам. У выпадку калі змены будуць прынятыя, цяперашні прэзідэнт Анджэй Дуда застанецца на пасадзе да 2022 года, але не зможа балатавацца на другі тэрмін.
Беспрэцэдэнтная пагроза
Прапанаваныя змены — усяго тры абзацы тэксту. Першы — якраз пра прадаўжэнне прэзідэнцкага тэрміну і немагчымасць пераабірацца. Другі — пра тое, каб ужо дзейны прэзідэнт падпарадкаваўся зменам. Трэці — пра адмену выбараў, запланаваных на травень.
Абгрунтаванне змен займае астатнія старонкі. Сярод іншага сцвярджаецца, што папраўкі "накіраваныя на павышэнне палітычных гарантый незалежнасці і бесстароннасці прэзідэнта" і "забеспячэнне стабільнасці дзяржаўнай улады", што "прадыктавана сітуацыяй беспрэцэдэнтнай пагрозы прававой і грамадскай бяспецы грамадзян Рэспублікі Польшча, звязанай з пагрозай COVID-19".
Стыхійнае бедства
Апазіцыя прапануе адкласці выбары, не змяняючы Канстытуцыі. Для гэтага дастаткова, каб кіраўнічая партыя "Закон і справядлівасць" абвясціла рэжым стыхійнага бедства. Дарэчы, менавіта такі механізм — адзіны, які дазваляе перанесці запланаваныя на жнівень прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.
Бяспечную дату для выбараў у выпадку, калі ў Польшчы абвешчана стыхійнае бедства, кансэнсусам устанаўліваюць палітычныя партыі.
Апазіцыя і эксперты падкрэсліваюць, што ўрад павінен абвясціць рэжым стыхійнага бедства. Спачатку ён уводзіцца на 30 дзён, але Сейм можа яго падоўжыць. Калі гэта будзе зроблена, то прэзідэнцкія выбары змогуць прайсці не раней чым праз 90 дзён пасля заканчэння надзвычайнага становішча. Тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы будзе падоўжаны на гэты перыяд.
Палітычны бандытызм
Аглядальнік ліберальнай газеты Wyborcza Войцех Чухноўскі паказвае, што тэхнічна задуманыя змены ў Канстытуцыю ажыццявіць немагчыма. Па законе першае чытанне законапраекта ў Сейме павінна адбыцца праз 30 дзён пасля падачы, гэта значыць не раней 5 траўня. А там яшчэ і другое чытанне. А пасля яшчэ і Сенат павінен закон зацвердзіць. На ўсё — пяць дзён, бо выбары павінны прайсці 10 траўня.
А далей пачынаецца палітычная матэматыка.
Каб змяніць Канстытуцыю, патрабуецца 2/3 галасоў Сейма, на пасяджэнне якога прыйшла як мінімум палова дэпутатаў. Плюс згода Сената — верхняй палаты польскага парламента.
У ЗіС большасць у Сейме — 235 чалавек. Для змен трэба 307 галасоў, інакш кажучы, калі на пасяджэнне збяруцца ўсе дэпутаты, праціснуць папраўкі ў Канстытуцыю не атрымаецца. Апазіцыя ўжо абвясціла, што не стане садзейнічаць змене асноўнага закона.
Але калі дэпутаты ад апазіцыі не прыйдуць на вырашальнае пасяджэнне Сейма, а будуць толькі прадстаўнікі кіраўнічай партыі і кааліцыі, то кворум будзе сабраны, а рэсурсаў ЗіС хопіць, каб забяспечыць патрэбны вынік галасавання.
Як такое можа здарыцца? Чухоўскі мяркуе, што ў дзейным сёння Сейме лёгка ўявіць сітуацыю, калі некаторыя дэпутаты "не атрымліваюць" інфармацыю пра сход.
"Хтосьці скажа, што гэта будзе палітычны бандытызм, парушэнне ўсіх правілаў — і атака на Канстытуцыю. Але ад гэтай улады можна чакаць усяго — яна не ўлічвае ні пастаноў Сейма, ні палажэнняў Канстытуцыі, ні пастаноў Канстытуцыйнага трыбунала адносна хуткіх змен у Выбарчым кодэксе. А ў эпоху эпідэмій не варта разлічваць на эфектыўныя пратэсты", — падсумоўвае аглядальнік Wyborcza.
Калі Сенат паспяшаецца
Яшчэ адна перашкода на шляху змен у польскую Канстытуцыю — прапісаныя там тэрміны для ўнясення паправак. Першае чытанне законапраекта аб змене Канстытуцыі можа адбыцца не раней трыццатага дня падачы законапраекта ў Сейм. А змены ўносяцца спецыяльным актам, прынятым спачатку Сеймам, а затым — на працягу 60 дзён — Сенатам.
Але ў Сенаце апазіцыя мае хоць і мінімальную, але перавагу. Каб працягнуць змену Канстытуцыі праз Сенат, ЗіС трэба знайсці падыходы як мінімум да двух варожа настроеных сенатараў. А таксама неяк паўплываць на маршала Сената Томаша Гродзкага, каб ён не выкарыстаў максімальны час для разгляду законапраекта, які прыйдзе з Сейма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.