Для збору камянёў на Лідчыне выкарыстоўваюць асуджаных на адміністрацыйны арышт
З камеры — на поле
Для збору камянёў у Лідскім раёне выкарыстоўваюць асуджаных на адміністрацыйны арышт. Штодня іх прывозяць а 8-й гадзіне з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў і да 17-й гадзіны яны працуюць. У сюжэце лідскага тэлебачання так тлумачаць прыцягненне асуджаных да сельскагаспадарчых работ: "Кошт знаходжання там [у ізалятары] за адны суткі складае 20 рублёў. Арыштаваныя абавязаныя пакрыць выдаткі на сваё ўтрыманне. Таму іх прыцягваюць да грамадска карысных работ".
Намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Аляксандр Часнойць кажа, што дамовы з РАУС заключылі дзве сельгасарганізацыі. Кожны працаўнік зарабляе "каля 20 рублёў з суткі". Вось і атрымліваецца, што праца бясплатная. Прыдумаў гэта начальнік Лідскага РАУС Сяргей Сыцэвіч. За дзясяткам працаўнікоў на полі прыглядвае адзін міліцыянер.
"Працу выконваюць якасна, акуратна, заўваг няма, — працягвае Часнойць. — Такую ж працу будзем практыкаваць у далейшым".
Збор камянёў у Беларусі ідзе з сакавіка, калі Аляксандр Лукашэнка прылятаў у Ашмянскі раён на верталёце і вельмі абураўся, што палі засеялі, але перад гэтым не прыбралі камяні. На палі адправілі вайскоўцаў, студэнтаў, школьнікаў, чыноўнікаў, працаўнікоў прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і культуры, нават хакеістаў. Пасля пачалі адпраўляць на збор камянёў асуджаных на "хатнюю хімію".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.