На сустрэчы з Мядзведзевым Лукашэнка быў апрануты ў новую алімпійскую форму?
12 траўня Аляксандр Лукашэнка праводзіць перамовы з кіраўніком ураду Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. На нефармальнай сустрэчы, якая праходзіць у аграгарадку Александрыя, кіраўнік Беларусі і яго сын Мікалай апранутыя ў спартовыя касцюмы. Масцерка малодшага Лукашэнкі нагадвае алімпійскую форму Беларусі 2014 года, але пэўныя элементы змененыя. Напрыклад, праз усю вопратку ідзе арнаментальны прынт, чаго не было ў 2014 годзе. У Аляксандра Лукашэнкі кофта ўвогуле чорная. Але дзякуючы характэрнаму арнаменту на плячах можна падумаць, што абодва касцюмы з адной калекцыі.
“Па кантракце мы мусім аддаць форму 26 траўня, — каментуе прадстаўнік літоўскай кампаніі “Аўдзімас”, якая традыцыйна шые алімпійскую форму для беларусаў. — Наколькі я ведаю, у Лукашэнкі яшчэ не мусіць быць формы, бо для яго мы нібыта не шылі, а партыю не аддавалі яшчэ. Але я не бачыў фота, таму дакладна сказаць не магу”.
Лагатып "Аўдзімас", які заўважны на масцерцы Мікалая Лукашэнкі
Як будзе выглядаць беларуская алімпійская форма, супрацоўнік “Аўдзімас” апісваць не пажадаў. Але выказаў меркаванне, што Аляксандр і Мікалай Лукашэнка маглі надзець форму, якую кампанія нядаўна пашыла для беларускай Федэрацыі хакея.
“Мы рабілі для хакейнай федэрацыі курткі з лёгкім уцяпленнем, — кажа прадстаўнік “Аўдзімас”. — Яны цёмна-шэрага колеру з такімі кшталту строчкамі. Мы ўзялі з брэнд-бука графіку і нанеслі. І рабілі яшчэ чырвоныя пола з гербам Беларусі і надпісам”.
Форма для федэрацыі хакея, якую шылі літоўцы
Ні адзін з касцюмаў па апісанні не падыходзіць пад тое, што было на Лукашэнках. Бо для федэрацыі нават не выпускаліся такія кофты. Але графічны малюнак праз усю вопратку сапраўды ёсць. Таму цалкам імаверна, што кіраўнік Беларусі ўсё ж атрымаў новую алімпійскую форму, каб ацаніць і ўхваліць, а супрацоўнік “Аўдзімас” папросту пра гэта не ведае.