Начныя эрэкцыі, лаянка за рулём ды іншыя лаўрэаты Шнобелеўскай прэміі
У Гарвардскім універсітэце прайшла 28-я цырымонія ўзнагароджання Шнобелеўскай прэміяй.
Гэта жартоўная прэмія, якой навукоўцы адзначаюць самыя дзіўныя і забаўныя навуковыя даследаванні.
Як перадае Бі-Бі-Сі, сёлета цырымонію перакладалі адначасова на пяць моваў — рускую, нямецкую, партугальскую, кітайскую і сырную ("перакладчык" на гэтую мову проста называў выпадковыя гатункі сыру). Прычым усе перакладчыкі гаварылі адначасова і ў адзін мікрафон.
Уручэнне ўзнагародаў пераможцам чаргавалася з выкананнем фрагментаў жартоўнай оперы "Разбітае сэрца", напісанай адмыслова для цырымоніі. Прызам, дарэчы, было няроўна разрэзанае напалам кардоннае сэрца, з якога тырчалі драты.
У медыцыне прэмію атрымалі амерыканскія навукоўцы, якія даказалі, што камяні ў нырках выйдуць пасля 20 паездак запар па амерыканскіх горках. Саміх пацыентаў у такую паездку навукоўцы не адпраўлялі, а пабудавалі матэматычную мадэль, якая разлічыла верагоднасць выхаду камянёў на аснове ўжо рэальных выпадкаў.
У намінацыі "Антрапалогія" прэмію атрымаў швед Томас Персан і яго калегі, якія даследавалі паводзіны жывёл у заапарку. Навукоўцы даказалі, што шымпанзэ ў заапарку перадражніваюць людзей не радзей і не горш, чым людзі парадзіруюць шымпанзэ.
У галіне "Біялогія" была ўзнагароджаная каманда навукоўцаў пад кіраўніцтвам Паўля Бэхера. Яны эксперыментальна пацвердзілі, што сапраўдныя знаўцы віна могуць па адным паху дакладна вызначыць наяўнасць адной-адзінай фруктовай мушкі ў келіху.
Паола Рамао і яе суаўтары з Бразіліі адзначаныя прэміяй у намінацыі "Хімія": яны даследавалі чысцільныя ўласцівасці чалавечай сліны і магчымасці яе выкарыстання для барацьбы з бруднымі паверхнямі.
У намінацыі "Медыцынская адукацыя" прыз дастаўся японцу Акіра Харыукі. Яго навуковая праца называецца так: "Калонаскапія ў пазіцыі седзячы: урокі самастойнай калонаскапіі".
Навукоўцы з Оксфарду (славутыя "брытанскія навукоўцы"!) атрымалі прэмію па літаратуры. Яны эксперыментальна даказалі, што людзі, якія купляюць складаную тэхніку, практычна ніколі не чытаюць прыкладзеную да яе інструкцыю.
У намінацыі "Харчаванне" прэмія дасталася Джэймсу Коўлу, які падлічыў, што ў рацыёне канібалаў значна менш калорый, чым у большасці традыцыйных дыетаў.
Прэмію міру ўручылі камандзе навукоўцаў з Іспаніі ды Калумбіі за працу пад назвай "Крык і лаянка за рулём аўтамабіля: частата, прычыны, рызыкі і пакаранне".
Узнагарода ў намінацыі "Рэпрадуктыўная медыцына" дасталася камандзе навукоўцаў з ЗША і Японіі: яны навучыліся ўжываць паштовыя маркі, каб вызначыць частату начных эрэкцый у мужчын.
Каманда даследчыкаў з Кітая, ЗША і Сінгапура атрымалі прэмію па эканоміцы. Іх праца даказала, што здзекі з лялькі вуду з абліччам ненавіснага боса сапраўды зніжаюць узровень стрэсу супрацоўнікаў і дапамагаюць іх псіхічнаму здароўю.