Наколькі пацяжэюць камунальныя плацяжы з-за ацяплення?

Наколькі пацяжэюць камунальныя плацяжы з-за ацяплення?

Сума па "жыроўцы" за трохпакаёўку вырасце на 10 тысяч ў лістападзе. Але пакрываць выдаткі на ацяпленне, нягледзячы на кастрычніцкае падаражэнне, беларусы сталі… менш.

Колькі мінчукі будуць плаціць за ацяпленне ў кастрычніку, у ЖЭСах інфармацыі не маюць: не дайшлі новыя тарыфы. І нават прыкладных падлікаў, наколькі пацяжэе “жыроўка” няма.

Але ў разлікова-даведкавым цэнтры ЖРЭА № 1 Фрунзенскага раёна Мінска прыводзяць статыстыку, колькі за ацяпленне плацілі, за лістапад 2012 года.

"У лістападзе 2012 года за аднапакаёўку, за ацяпленне плацілі 31 тысячу, за трохпакаёўку — 60 тысяч, а за двухпакаёўку — 46 тысяч”.

Тут падкрэсліваюць, што гэта дадзеныя за мінулы год, калі кошт гігакалорыі быў на 17% меншы і складаў 60 140 рублёў.

З 1 кастрычніка ж ацяпленне зноў падаражэла — трэці раз за год, да 70898 рублёў за гігакалорыю.

У разлікова-даведкавым цэнтры ўспамінаюць нават статыстыку, колькі гігакалорый было выдаткавана на адна-, двух- і трохпакаёўку:

“На аднапакаёўку ў 33 "квадраты" было выдаткавана каля 0,516 гігакалорыі, на двухпакаёўку у 46 "квадратаў" — 0,731, а за трохпакаёўку — прыкладна 0,993 гігакалорыі”.

Паводле грубых падлікаў, калі на ацяпленне стандартнай аднапакаёвай кватэры выходзіла каля 31 тысячы, дык у гэтым годзе будзе даражэй на 5 тысяч, за двухпакаёвую — на 4 тысячы, а за трохпакаёвую — на 10 тысяч рублёў. Здаецца, не шмат.

Але гэта толькі за лістапад, калі не было моцных маразоў!

Гляджу сваю "жыроўку" за снежань, студзень, люты і сакавік мінулага года — летась зіма была чатыры месяцы. І калі ў сярэднім на маю аднапакаёўку ішло болей за гігакалорыю, ці 60 тысяч рублёў, — дык зараз з улікам трэцяга за год падаражэння толькі за ацяпленне я буду плаціць на 15 тысяч больш у сярэднім! Жыхарам двух- і трохпакаёвак давядзецца плаціць яшчэ больш.

У разлікова-даведкавым цэнтры падкрэсліваюць, што ацяпленне на кожны дом рознае ў залежнасці ад таго, ці ўцеплены будынак і ці цягне з вокнаў ад старасці.

“Ацяпленне разлічваецца на дом: калі дзесьці акно выбіта ў пад’ездзе, тады таксама гэта ўлічваецца, бо трэба болей даваць ацяплення на дом”, — кажуць у даведцы. І я здзіўляюся, бо ніякіх тэрмадатчыкаў навідавоку канкрэтна ў маім доме няма, а на калідоры ўвогуле няма батарэй…

Цікава, што тыя шчасліўчыкі, якія ацяпляюць жыллё газавым катлом і не маюць лічыльніка, плацяць па сабекоштах — 48 тысяч… за чалавека. Тарыф у іх разлічваецца, зыходзячы з прапісаных людзей, а не з метражу кватэры.

На лагічнае пытанне, як гэта магчыма, бо звычайна ацяпляюць памяшканне, а не людзей, ні ў галоўным гаспадарчым упраўленні, ні ў ЖЭСах не ведаюць — так загадалі зверху.

“Вываз смецця, плата за ліфт — усё лічыцца з чалавека. Ад метражу лічыцца ацяпленне, ад метражу лічыцца тэхабслугоўванне. Газ — дваяка можна лічыць, быццам бы калі за ацяпленне — тады можна браць за метраж, а вось калі людзі карыстаюцца для прыгатавання ежы — тады з чалавека”, — і самі не разумеюць логіку ў адным з ЖЭСаў. Прыкідваю, як выгадна плаціць уладальнікам вялікіх дамін — ім нават гэты лічыльнік і задарма не патрэбны. 

Дарэчы, зараз беларусы пакрываюць быццам бы 30% ад сабекошту ацяплення, а вось у мінулым годзе — 37%!

Карыстальнікі Twitter з Санкт-Пецярбурга пішуць Еўрарадыё, што за двухпакаёўку ўлетку плацяць 3 тысячы расійскіх рублёў, узімку — 5 тысяч расійскіх рублёў (ад 850 тысяч да 1 мільёна 400 тысяч беларускіх рублёў). За “жыроўку” двушкі ў Кіеве ўкраінцы плацяць 15 да 50 еўра ў залежнасці ад будынку, а ў Львове плата дасягае і 450 грывень (каля 500 тысяч рублёў). А вось у суседняй Літве ў новым доме з магчымасцю ўсталёўваць тэмпературу ў пакоі плацяць у пераліку каля 600 тысяч беларускіх рублёў на месяц.

Навідавоку, што “жыроўкам” беларусаў ёсць куды расці ў плане ацяплення. Тым больш што дзяржава даўно абнадзейвае беларусаў аб стопрацэнтнай плаце за камунальныя плацяжы. 

Але калі б мы плацілі 100% па камунальных паслугах, дык толькі за ацяпленне аднапакаёўкі мы б аддавалі каля 123 тысяч рублёў штомесяц, двухпакаёўкі — 175 тысяч рублёў, а трохпакаёўкі — 240 тысяч рублёў. І гэта толькі за ацяпленне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі