Навошта павялічваюць квоты на "чарніла"?
Вінзаводы скардзяцца, што пасля павышэння акцызаў народ перастаў піць, і вытворчасць упала.
Саўмін павялічыў квоты на вытворчасць мацаванага пладовага віна з 154,64 млн літраў да 156,04 млн. Квоты на натуральнае віно павялічылі з 2,93 млн літраў да 4,33 млн.
У краіне нібыта барацьба з алкаголем. Віно забараняюць прадаваць у працоўны час у розных раёнах. Павышэнне квотаў тут выглядае дзіўна. І на вінзаводах кажуць, што квотаў ім хапае.
"Мы як прадпрыемства свае квоты не выпрацавалі — толькі на 50% і да канца года яны ў нас застануцца. Мы не працуем у планавай загрузцы. Тут шмат прычын, асноўная — фінансавая. Рэгулярны пад'ём акцызаў ідзе супраць попыту. У людзей, якія хацелі б гэта віно спажываць, не хапае грошай на пакупку. Адпаведна, пераходзяць ці на самагон, ці на настойкі з аптэкі", — распавядаюць Еўрарадыё на прадпрыемстве "Весялова".
"Навошта павялічваць квоты, калі некаторыя раёны забараняюць продаж гэтага віна?" — здзіўляюцца на прадпрыемстве "Колас". Тут таксама наракаюць, што вытворчасць толькі скарачаецца, як і на іншых вінзаводах.
"Акцызы, якія мы абавязаныя заплаціць за віно дзяржаве, з'ядаюць частку прыбытку, а зніжкі, якія мы вымушаныя даваць, каб хоць нешта прадаваць, ідуць за наш кошт. Атрымліваецца, што мы гандлюем сабе ў страту. Таму скарачаецца вытворчасць. У прынцыпе, гэта тэндэнцыя добрая як антыалкагольная прапаганда. Але прадпрыемствы вытворчага комплексу церпяць, працуюць у страту, а замяніць гэтую прадукцыю няма чым", — кажа эканаміст прадпрыемства "Весялова".
У Талачыне на мясцовым вінзаводзе таксама хапае квотаў, таксама рэалізацыя віна падае:
"Праблем з квотамі няма, у нас праблемы з рэалізацыяй. Тым больш фруктовых він, якія народ не ведае і ведаць не хоча, і гандаль іх не бярэ".
Квоты на мацаваныя віны (так званае чарніла) — цяпер 156,04 мільёна літраў, квоты на натуральнае віно — 4,33 мільёна літраў. Розніца ў 36 разоў!
"Натуральнае — гэта не тое віно, што называюць чарнілам. Гэта віно, зробленае ўласным браджэннем, спірт не дадаюць туды. Далей яно ачышчаецца, разліваецца з пастэрызацыяй. Таму гэта віно даволі добрай якасці. Павінны быць рост натуральнага віна. Але яго няма, таму што забароненая рэклама і палітыка павышэння акцызаў. Цана натуральнага віна такая ж, як мацаванага, але градусаў там больш. Адпаведна, яго і купляюць".
Калі прадпрыемствы не выкарыстоўваюць квоты і скарачаюць вытворчасць, навошта тады Саўмін квоты павялічвае? Дакладнага адказу няма, але, магчыма, гэта проста падлікі.
"Яны лічаць падаткі ў бюджэт і лічаць, што ім трэба пэўная сума падаткаў. За кошт чаго? Алкаголь. Павялічылі акцызы, мы павялічылі цэны, а як цэны выраслі, народ перастаў піць. Скараціліся падаткі і акцызы. Адпаведна, трэба павялічваць квоты на паперы, і няважна, што гэта адарвана ад рэальнасці", — тлумачыць дырэктар Талачынскага камбіната Анатоль Анюхоўскі.