Навукоўцы: Зносіны ў сацсетках працягваюць жыццё
Зносіны ў сацсетках працягваюць жыццё. Пра гэта сведчаць назіранні за жыццём 12 мільёнаў чалавек ва ўзросце ад 23 да 70 гадоў, якія актыўна карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі і маюць медыцынскую страхоўку. Даследаванне праводзілі навукоўцы разам са спецыялістамі кампаніі Facebook.
Уільямс Хобс з універсітэта Каліфорніі ў Сан-Дыега кажа, што "анлайн-зносіны, падобна, з'яўляюцца карыснымі для здароўя, асабліва калі яны не ідуць на шкоду афлайн-зносінам і цесна ўзаемадзейнічаюць з імі". Навукоўцамі былі зафіксаваныя толькі крайнія выпадкі, калі ў некаторых людзей, якія ўсё жыццё праводзілі ў анлайне, не кантактуючы са "знешнім светам", адбылося пагаршэнне здароўя.
Было адзначана, што даўжэй жылі людзі, якія ў асноўным прымалі запрашэнні, а не толькі іх адпраўлялі. Даследчыкі лічаць, што гэта цікавы факт, паколькі лекары часта рэкамендуюць пацыентам шукаць новых сяброў для атрымання свежых эмоцый і працягнення жыцця. Але насамрэч гэта, відаць, не працуе, інфармуе РІА "Новости".