Нямецкія навукоўцы заявілі, што разгадалі таямніцу даўгалецця дыктатур
Супрацоўнікі Навуковага цэнтра сацыялагічных даследаванняў Берліна правялі адмысловае даследаванне.
Яно мае назву “Крытычныя моманты і спосабы выжывання дыктатур. Чым патлумачыць стабільнасць аўтарытарных рэжымаў?”. Палітолагі аналізавалі аўтарытарныя рэжымы ў 137 дзяржавах свету, якія існавалі за апошнія 60 гадоў.
Навукоўцы высветлілі, што ўсе аўтарытарныя рэжымы трымаюцца на “трох кітах”: легітымацыі, рэпрэсіях і кааптацыі. Кааптацыя ўяўляе сабой феномен, пры якім рэжым прапануе групе насельніцтва стаць часткай улады і атрымаць ад гэтага выгаду. Фармаванне падобнай эліты ўмацоўвае ўладу дыктатара. Аднак гэты фактар — самы нязначны з трох вышэй названых.
Значна большае значэнне маюць рэпрэсіі і легітымнасць улады ў вачах грамадзян, паведамляе Deutsche Welle.
“Незвычайна стабільным” у даследаванні называецца аўтарытарны рэжым у Беларусі. Прафесар Каларадскага ўніверсітэта ЗША Крыстаф Штэфес тлумачыць даўгалецце беларускай аўтакратыі так: “Прыватызацыя не дасягнула ў гэтай краіне такога ўзроўню, як у іншых былых рэспубліках СССР. Гэта дае магчымасць уладам кантраляваць большую частку насельніцтва".
Фота — АР