Памёр Васіль Сёмуха — перакладчык Бібліі і "Фаўста"
Васіль Сёмуха / Еўрарадыё
3 лютага памёр перакладчык Васіль Сёмуха. Яму было 83 гады. Пра гэтую страту паведаміла ў сваім акаўнце ў Facebook старшыня "Беларускага ПЭН-Цэнтра" Таццяна Нядбай.
Васіль Сёмуха нарадзіўся 18 студзеня 1936 года ў сялянскай сям’і на хутары Ясенец непадалёк ад Пружанаў. Калі яму было 6 гадоў, яго бацькоў за сувязь з партызанамі расстралялі немцы. Пазней, спрабуючы зразумець і патлумачыць гэты ўчынак, Сёмуха вывучыў нямецкую мову і пачаў чытаць нямецкую літаратуру ў арыгінале.
Выпускнік МДУ, у канцы 1950-х Сёмуха вярнуўся ў Беларусь. Ён пасябраваў з пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам і пачаў перакладаць яго творы на рускую мову, паралельна працуючы над беларускімі перакладамі сусветнай класікі. Дзякуючы Сёмуху, мы можам прачытаць па-беларуску Біблію, "Фаўста" Гётэ і "Доктара Фаўстуса" Томаса Мана, “Так сказаў Заратустра” Фрыдрыха Ніцшэ, "Голем" Густава Майрынка, "Парфуму" Патрыка Зюскінда і шмат што іншае.
"Сёння ў беларускай перакладчыцкай справе занята нямала таленавітых майстроў. Але ўсім нам цяпер вельмі не будзе хапаць Асобы, якая ўсё сваё жыццё аддала беларускай справе, якая ўзняла беларускае Слова да новых вышыняў", — адгукнуўся на смерць Сёмухі настаўнік і перакладчык Лявон Баршчэўскі.
Больш важных і цікавых навінаў у выніковай праграме "Петарда":