Партыя БНФ патрабуе вынесці папярэджанне ініцыятыўнай групе Лукашэнкі

Актывісты Партыі БНФ, якія збіраюць подпісы ў падтрымку вылучэння Таццяны Караткевіч у Мінску, заяўляюць пра факты парушэнняў выбарчага заканадаўства з боку ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.

Яны сталі сведкамі гэтых парушэнняў і звярнуліся ў Цэнтральную камісію па выбарах са скаргай, у якой патрабуюць вынесці папярэджанне ініцыятыўнай групе дзейснага кіраўніка дзяржавы.

Каля унівэрсама "Цэнтральны" ў Мінску, дзе стаяць пікеты шматлікіх кандыдатаў, ініцыятыўная група Лукашэнкі з ліку сябраў праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі раздавала друкаваныя выданні на карысць сваяго вылучэнца. Раздача газеты суправаджалася заклікамі аддаць свой подпіс за Лукашэнку.

Адзначым, на стадыі збору подпісаў забараняецца раздача любой агітацыйнай прадукцыі.

Сведкі гэтага парушэння звярнуліся са скаргай у Цэнтрвыбаркам, прыклаўшы да звароту фотаздымкі раздачы газет "Камуніст Беларусі. Мы і час". Таксама прыкладзены і асобнік самой газеты, у якой на першай старонцы размешчаны фотаздымак Аляксандра Лукашэнкі і апублікаваныя іншыя матэрыялы перадвыбарчага характару, паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе Партыі БНФ.

Аўтары скаргі адзначаюць, што дзеяннямі пікетоўцаў парушаная частка 10 артыкула 61 Выбарчага кодэкса, якая забараняе любое ўзнагароджанне выбаршчыкаў за ўнясенне подпісаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі