Пасля ўдару па "спайсе" зноў актывізаваліся прадаўцы “бубак”?

З пачатку года супрацоўнікі міліцыі затрымалі 12 прадаўцоў наркатычных макавых “бубак”. Прынамсі, пра такую колькасць выпадкаў паведамляе сайт Міністэрства ўнутраных спраў. Напрыклад, 13 лютага ў мінчаніна канфіскавалі 327 кілаграм макавага насення. Субстанцыі хапіла б як мінімум на 1000 ін’екцыйных доз.

Для параўнання, са "спайсам" людзей затрымлівалі 15 разоў, з марыхуанай — 6 разоў.

Даволі высокая актыўнасць гандляроў макам можа быць выкліканая адносна ліберальным пакараннем.

За 39 хвілін мак з мінскага рынка пераўтвараецца ў наркотык

За гандаль "спайсам" у складзе групы, як гэта часта бывае, пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

За распаўсюджванне маку — адміністрацыйная адказнасць. А гэта да 70 базавых велічынь штрафу (на сёння гэта 12 мільёнаў 600 тысяч або каля 850 долараў) і канфіскацыя транспарту, на якім забаронены тавар перавозіўся.

Падчас падрыхтоўкі журналісцкіх расследаванняў аб распаўсюджванні маку і "спайсаў" ад наркаспажыўцоў Еўрарадыё даведалася, што яшчэ на пачатку 2014 года многія “бубачнікі” замянілі макавую "шырку" растворам з так званага “Крысталу” — псіхатропнага парашку. Аднаго граму такога парашку, які каштаваў каля 100 долараў, хапала прыкладна на 40 ін’екцыйных доз. Кілаграма “бубак” (каштуе сёння каля 25 долараў) хапае на 3-4 дозы. Распаўсюджваць мак, натуральна, менш выгадна. Затое і менш рызыкоўна.

“Тыя, хто спецыялізуецца на маку, наўрад ці пяройдуць на "спайсы", і наадварот. Я мяркую, гэта ніяк не звязана паміж сабой, — лічыць міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. — Пытанне трэба ставіць на тым, наколькі эфектыўна мы знаходзім дылераў і канфіскоўваем тыя ці іншыя наркотыкі і прэкурсоры”.

Чакалася, што прэзідэнцкі дэкрэт № 1, які быў накіраваны супраць макавых дылераў і выйшаў на пачатку 2014 года, спыніць распаўсюджвальнікаў “бубак”. Як бачым, праблема да канца не вырашаная. Ін’екцыйных наркаспажыўцоў у Беларусі дзясяткі ці нават сотні тысяч чалавек. Дылеры, відаць, добра абагачаюцца, калі не баяцца штрафаў у 70 базавых велічыняў. Што праўда, прадаюць насенне маку пераважна не праз наркатаксі (бо пагражае канфіскацыя машыны), а у кватэрах ці з рук прама на дварэ.

Выходзіць, ці антымакавы дэкрэт №1 не дастаткова жорсткі, ці сённяшніх рэсурсаў беларускай міліцыі не дастаткова, каб перакрыць кісларод распаўсюджвальнікам “бубак”.

Магчыма, колькасць наркаспажыўцоў за гады існавання “легальных наркотыкаў” стала такой высокай, што барацьбітоў з наркотыкамі не хапае, каб гэты рынак пракантраляваць.

“Пытанне дакладвалася кіраўніку краіны. У 2014 годзе было прынятае рашэнне пра тое, каб пашырыць наша падраздзяленне. Яно з упраўлення ўжо вырасла ў галоўнае ўпраўленне. Мы стварылі сваю крымінальную разведку ў інтэрнэце, — акрэсліў праблему на студзеньскай прэс-канферэнцыі кіраўнік Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі МУС Васіль Лосіч. — На пасяджэнні ў кіраўніка дзяржавы разглядалася, у тым ліку, і гэтае пытанне. Было прынятае рашэнне прааналізаваць работу падраздзяленняў, у тым ліку, з новымі механізмамі, якія нам дадзеныя. І калі гэта будзе неабходна, кіраўнік дзяржавы сказаў, што ён гатовы пайсці на тое, каб узмацніць наша падраздзяленне”.

Падобна на тое, што канчатковаму вырашэнню макавай праблемы перашкаджае і карупцыя. Тое, што “бубкі” з 2004 года у Беларусі рабіліся ўсё больш папулярнымі, было бачна няўзброеным вокам. Буйныя партыі захоўваліся на складах вядомых прадпрыемстваў. Але міліцэйскія ініцыятывы супраць гэтых наркотыкаў гадамі блакаваліся. Асабліва адданыя макавыя лабісты дагэтуль застаюцца на высокіх пасадах. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі