Патолагаанатам расказаў пра абарону ад COVID-19, а праз месяц заразіўся і памёр
Міхаіл Рыгоравіч Зубрыцкі
22 траўня ў Гродне памёр галоўны патолагаанатам вобласці Міхаіл Зубрыцкі. Яму быў 51 год. У Зубрыцкага быў пацверджаны каранавірус. Мужчына тыдзень знаходзіўся ў коме, 22 траўня стаў прыходзіць у прытомнасць, але паляпшэнне не наступіла.
Падчас эпідэмій вірусных хвароб сярод патолагаанатамаў і судмедэкспертаў захваральнасць павышаецца ў некалькі разоў. У сярэдзіне красавіка Еўрарадыё паспрабавала зрабіць матэрыял пра гэта, але дактары не пайшлі на кантакт. Міхаіл Зубрыцкі стаў адзіным практыкуючым патолагаанатамам, які не пабаяўся даць нам каментар, не хаваючы свайго імя.
Еўрарадыё: Ці змяніўся рабочы працэс у патолагаанатамаў падчас пандэміі COVID-19?
Міхаіл Зубрыцкі: Увогуле кажучы, нам не рэкамендуюць даваць каментары на радыё і кажуць адпраўляць усіх у аблздароўя. Але я ў агульных рысах магу сказаць: намі закуплены ў вялікіх колькасцях сродкі аховы для нашых супрацоўнікаў. Змяніўся прапускны рэжым: уваход у будынак абмежаваны, вядзецца пастаянная санітарная апрацоўка. На цяперашні момант, на шчасце, у нас нічога такога яшчэ не было — ну вы зразумелі чаго. Ні адзін да нас не трапляў у Гродзенскую вобласць.
Еўрарадыё: Ці можа патолагаанатам заразіцца ад памерлага?
Міхаіл Зубрыцкі: Калі не карыстацца сродкамі аховы, то чаму не?
Еўрарадыё: Пратакол работы з памерлымі ад COVID-19 прадугледжвае дадатковыя меры засцярогі?
Міхаіл Зубрыцкі: Абавязкова. Нават на ўсе хоць крыху падазроныя выпадкі спецыяліст адпраўляецца "ў поўным даспеху". Тым больш самі супрацоўнікі не хочуць заразіцца, таму праводзяцца санітарная апрацоўка і ўсе спадарожныя працэдуры.
Еўрарадыё: Ці можна хаваць памерлых ад каранавіруса ў зямлі або толькі праз крэматорый?
Міхаіл Зубрыцкі: Хаваць можна, так.
Па стане на 15 красавіка, калі адбылася гэта размова, да гродзенскіх патолагаанатамаў яшчэ не прывезлі ні аднаго пацыента з каранавіруснай інфекцыяй. А 22 траўня ад COVID-19, нягледзячы на ўсе меры засцярогі, памірае галоўны патолагаанатам вобласці.
У Беларусі не агучваецца статыстыка смяротнасці ад каранавіруса сярод медыкаў. Ігнаруючы рэкамендацыі СААЗ паведамляць пра заражаных сярод медперсаналу, Мінздароўя публікуе толькі агульную колькасць выяўленых выпадкаў.
Апошні раз статыстыка па абласцях у Беларусі агучвалася 24 красавіка. Тады ў Гродзенскай вобласці было пацверджана 347 выпадкаў каранавіруса.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.