Павел Усаў з Майдана: Выходзіш за гэты “палітычны вугал” — Майдану няма

Еўрарадыё: Дзе вы былі цягам учорашняга дня і сённяшняй ночы?

Павел Усаў: Цягам усяго ўчорашняга дня я фактычна быў удзельнікам падзей на вуліцы Інстытуцкай (калі пратэстоўцы рушылі да Вярхоўнай Рады. — заўв. Еўрарадыё), быў сведкам разгону Майдану — знаходзіўся там да першай гадзіны ночы. За тым, што адбывалася на Майдане цягам другой паловы ночы, назіраў з акна свайго гатэля, які, фактычна, на Майдане і знаходзіцца. І акурат зараз з акна бачу, як да Майдану падцягваюцца сілы міліцыі — сотні, калі не тысячы. Відаць, каб пачаць апошні штурм і давесці да канца — улады, і гэта відавочна, вырашылі пайсці на поўную “зачыстку”.

Еўрарадыё: Ваша бачанне таго, з чаго ўсё ж такі пачалася гэтае крывавае супрацьстаянне: на кім першая правакацыя, першая кроў?

Павел Усаў: Пачнём з таго, што на Майдане сфармаваліся два крылы: канстытуцыяналістаў, якія падтрымліваюць лідараў апазіцыі Клічко, Яцэнюка і Цягнібока, і радыкальная частка, што складаецца з “Правага сектару”, “Самаабароны”. Якія выступалі супраць перамоў з Януковічам, бо не давяраюць усяму, што казалі ўлады. Учора быў абвешчаны “мірны наступ на ўладу” — у парламенце мусілі разглядаць пытанне вяртання да Канстытуцыі 2004 года. І парламенцкая апазіцыя заклікала ўвесь Майдан, увесь Кіеў рухацца да Рады, якая была цалкам аточаная міліцыяй. Ці быў гэта загад, ці гэта была спантанная рэакцыя, але пачаўся прарыў людзей да Рады. І з гэтага ўсё пачалося, усе гэтыя сутыкненні. Міліцыя пачала ўжываць агнястрэльную зброю, гранаты, іншыя спецсродкі. Каля 12-й гадзіны дня стала вядома, што Рада не ўхваліць вяртанне да Канстытуцыі 2004 года, што ўлада не пойдзе на саступкі, і гэта яшчэ больш абвастрыла сітуацыю. Уся вуліца Інстытуцкая гарэла, быў захоплены офіс “Партыі рэгіёнаў”. Ад гэта ж часу з’явілася інфармацыя пра параненых. Пачалася вельмі моцная хваля наступу “Беркута” і ўсе заслоны былі прарваныя. Мне падаецца, што апазіцыя пераацаніла сваю моц, свае рэсурсы — яна расцягнула сваіх прыхільнікаў па ўсёй вуліцы, што было выкарыстана міліцыяй: пратэстоўцаў “рассеклі”, ізалявалі часткі, і Майдан, па сутнасці, застаўся без абаронцаў. Ад 18 вечара пачаўся моцны наступ на Майдан з выкарыстаннем метро — праз станцыі “Інстытуцкая” і “Крашчацік”. А з іншага боку пачалася атака на вуліцу Грушэўскага, якая была вельмі хутка захопленая.

Еўрарадыё: Пратэстоўцы супраціўляліся добра экіпіраваным і ўзброеным міліцыянтам — якім чынам, з дапамогай якіх сродкаў?

Павел Усаў: Трэніраваныя актывісты “Правага сектару”, УНА-УНСО і “Самаабароны” — вельмі якасная “зброя” для абароны барыкад. Але нават яны не эфектыўныя падчас вулічных сутычак, па-за барыкадамі і без адпаведнай амуніцыі. Найперш — процівагазаў. Выкарыстоўваюцца гранаты са слезацечным газам і вытрымаць гэта, калі іх кідаюць дзясяткамі ў натоўп, без процівагазаў не магчыма. Калі ў цябе страляюць такой гранатай ва ўпор, гэта і прыводзіць да прарыву лініі абароны і адыходаў. Што да барыкадаў, то ўлады не асмеліліся адразу іх штурмаваць — падцягвалі сілы і змушалі пратэстоўцаў да павольнага адступлення. Барыкады прарывалі з дапамогай вадамётаў і БТРаў. А чалавек жа не з жалеза зроблены — неабходная змена, а яе не было, не было рэсурсаў у Майдану, каб трымаць такую шырокую абарону. У выніку большасць пратэстоўцаў сканцэнтраваліся на невялічкім пятачку ля сцэны, дзе і зараз выступаюць прамоўцы. Калі б “Беркут” пайшоў у наступ і далей, то гэта прывяло да шматлікіх ахвяр з абодвух бакоў. У некага ўсё ж спрацаваў “цвярозы розум”. Гэта і тое, што ўсю ноч новыя і новыя людзі падыходзілі на Майдан выратавалі сітуацыю. Але зараз “Беркут” стаіць у 100 метрах ад сцэны і невялічкая група, з якіх 500 чалавек трымае абарону. Рэсурсаў не хапае, людзей з рэгіёнаў у Кіеў не пускаюць і ідзе падрыхтоўка да канчатковага наступу.

Еўрарадыё: Ці ёсць агнястрэльная зброя ў абаронцаў Майдану?

Павел Усаў: Не далей як сёння казалі, што ў жыхароў Украіны знаходзіцца каля 1,5 мільёна “ствалоў”. Я быў на ўсіх “гарачых кропках” Кіева, але не бачыў у руках пратэстоўцаў нават пнеўматычнай зброі. Нават калі на Інстытуцкай з даха міліцыянты пачалі страляць у пратэстоўцаў і кідаць гранаты, яны нічым, апроч камянёў, ім не адказвалі. Якія, зразумела, да 5-га паверху не даляталі. Там, дзе я быў цягам учорашняга дня і часткі ночы, нічога, апроч петардаў, біт, камянёў і “кактэйляў Молатава” ў пратэстоўцаў не было. Нават у крытычныя хвіліны на Майдане. Зараз гучаць заклікі брацца за зброю, і гэта прывядзе да эскалацыі канфлікту, бо атмасфера ў заходніх рэгіёнах краіны вельмі напружаная, і зараз ўжо там захопліваюць адміністрацыі, будынкі міліцыі, "Беркута". І гэта — з улікам заявы Януковіча, што ні на якія саступкі ён не пойдзе, што перамоў з апазіцыяй, якая не выконвае ўзятых абавязальніцтваў, не будзе — можа прывесці да новых ахвяр. Палітычная сітуацыя вельмі крытычная. Па прамове Януковіча бачна, што ён трыумфуе — гэта чуваць па яго голасе, яго пазіцыі. Але гэта будзе крывавы трыумф — ён, напэўна, яшчэ не да канца разумее, як выглядае сітуацыя ва Украіне.

Еўрарадыё: А дзе ў гэты час, і ўчора, і сёння, знаходзяцца лідары апазіцыі?

Павел Усаў: Калі пачаўся наступ на Майдан, тут былі і Турчынаў, і Клічко, і Яцэнюк, і Цягнібок. І былі там цягам ночы, заклікалі кіеўлянаў прыходзіць на Майдан. Сёння з раніцы я іх не бачыў. Верагодна, што яны чакалі сустрэчы з Януковічам, якая была дэклараваная ўчора і мусіла пачацца аб 11-й гадзіне. Але ж ужо быў яго выступ, дзе ён заявіў, што ніякіх перамоў з апазіцыяй весці не будзе, і загадаў парламенцкай апазіцыі адхрысціцца ад радыкалаў — толькі тады ён ім, маўляў, прабачыць. Тым не менш ад 7-й раніцы на сцэне толькі каменданты і актывісты Майдану.

Еўрарадыё: Цікава, а чым у той момант, калі на Майдане ліецца кроў, жыве ўвесь астатні Кіеў?

Павел Усаў: Сітуацыя вельмі дзіўная: калі выходзіш за гэты “палітычны вугал” — Майдан і адміністрацыйныя будынкі — то бачыш, што “Майдану” няма, людзі жывуць сваім жыццём, ходзяць на працу, вучобу, у крамы. Увесь патрыятызм, уся нянавісць сканцэнтраваныя менавіта на Майдане.

Еўрарадыё: Шмат нараканняў гучыць у бок ЕС: маўляў, нічога не зрабілі і зараз не робяць. А што яны могуць дзейснага зрабіць зараз?

Павел Усаў: Ім трэба было яшчэ два месяцы таму ўводзіць санкцыі супраць алігархаў, якія атачаюць Януковіча. Але бяззубая пазіцыя, а то і адсутнасць нейкай пазіцыі ў адносінах да таго, што адбываецца ў Кіеве, мяне таксама здзіўляе. Бо нават калі зараз санкцыі будуць уведзеныя, то гэта не шмат зменіць — гэтак змянілася сітуацыя ў краіне. Януковіч ўжо разумее, што адступаць яму няма куды, і ён нават пры ўвядзенні санкцый не зменіць сваю пазіцыю. Тым не менш санкцыі неабходныя, вострыя, не такія, як ўведзеныя ў дачыненні да Беларусі.

Еўрарадыё: Як, на тваю думку, будзе развівацца сітуацыя?

Павел Усаў: Відавочна, што Януковіч пойдзе на зачыстку палітычнай прасторы. Найперш — у Кіеве. Будзе кіравацца да канцэнтрацыі ўлады ў сваіх руках, пашырэння паўнамоцтваў. Што прывядзе да эскалацыі канфлікту ў заходніх рэгіёнах. І ўзнікае рэальная пагроза расколу краіны. Калі на Захадзе здолеюць не толькі захапіць, але і ўтрымаць уладу, то Януковічу практычна немагчыма будзе ўтрымацца пры ўладзе. Бо Усходняя Украіна цалкам пераарыентуецца на Маскву. Мяркую, у бліжэйшы месяц у краіне будзе палітычны хаос. Вынікам якога можа стаць сур’ёзны геапалітычны раскол.

Фота з архіву Паўла Усава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі