Пеня і адмаўленне ад абедаў: новыя правілы аплаты школьнага харчавання

Школьная сталовая ў Беларусі / vitvesti.by
Школьная сталовая ў Беларусі / vitvesti.by

У беларускіх школах запрацавалі новыя правілы аплаты харчавання навучэнцаў. Адпаведную пастанову Саўмін падпісаў яшчэ 27 снежня 2022 года. Новаўвядзенні да адной з мінскіх школ дайшлі толькі цяпер. І адразу пачаліся праблемы, расказваюць Еўрарадыё бацькі аднаго з вучняў.

Сутнасць новаўвядзенняў у тым, што аплаціць харчаванне дзіцяці трэба да 25-га чысла на месяц наперад. Таксама пры разліках не будуць улічвацца дні, калі дзіцяці не было ў школе. Пра адсутнасць бацькі павінны паведамляць загадзя.

Калі не будзе аплаты да 25-га, то пачне налічвацца пеня. Раней плацілі праз АРІП адвольна, і ў некаторых былі вялікія запазычанасці. Класны кіраўнік кожную пятніцу ўмаляла пагасіць запазычанасць, таму што з яе патрабуе дырэктар. Цяпер частка бацькоў кажа, што будуць адмаўляцца ад харчавання ў школе праз новыя правілы, — расказвае адзін з бацькоў.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, змены ў цэлым бессэнсоўныя, але прыбавяць працы чыноўнікам. А рэакцыя бацькоў выкліканая ў тым ліку савецкім мысленнем.

Беларусь з тых краін, у якіх людзі прывыклі да дзяржаўнай халявы, да таго, што нейкія рэчы павінны быць бясплатныя. Лукашэнка прыкарміў электарат, і гэтая савецкая ментальнасць не змянілася. Павінныя быць бясплатнымі і школа, і падручнікі, і харчаванне. Пазбавіцца ад гэтай халявы вельмі складана. Таму, калі будзе нейкі супраціў, думаю, Лукашэнка дасць задні ход.

Шчыра кажучы, не разумею, чаму гэтае пытанне ўзнікла, бо гэта ж не такія вялікія грошы. Але зноў жа, Лукашэнка можа выдзяляць дзясяткі мільёнаў даляраў на СОБРы, ГУБАЗіКі і розныя паліцэйскія службы, але настаўнікам і школам, якія і так з'яўляюцца рабамі гэтай сістэмы, можна нічога і не даваць. Таму можна і дзяцей прымусіць плаціць. Нечага разбэшчваць у складаныя часы, — кажа Яраслаў Раманчук.

Намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Кадлубай адзначаў, што каля 65% вучняў штогод харчуюцца бясплатна. Іншыя аплачваюць 100% выдаткаў навучальных устаноў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі