Петыцыю за допуск замежных журналістаў у Беларусь падпісалі 18 тысяч чалавек

Петыцыю за допуск замежных журналістаў у Беларусь падпісалі 18 тысяч чалавек

Пад петыцыяй за допуск замежных журналістаў у Беларусь падпісаліся ўжо больш за 18 тысяч чалавек. Збор подпісаў адбываецца на платформе change.org.

Аўтарка петыцыі — нідэрландская журналістка Марыя Абрамовіч. Яна адзначае, што замежныя журналісты не могуць з траўня атрымаць акрэдытацыю для працы ў Беларусі, дзе яны хочуць асвятляць важныя палітычныя падзеі.

"Нашу здымачную групу і яшчэ каля дваццаці іншых міжнародных журналістаў затрымалі пры ўездзе ў краіну без тлумачэння прычын, незаконна адабралі дакументы і пратрымалі суткі ў закрытым памяшканні на тэрыторыі аэрапорта Мінска, не даючы магчымасці нават набыць прадукты харчавання.

Толькі дзякуючы авіяперавозчыкам нам удалося атрымаць паёк пасля шасці гадзін чакання і просьбаў. Нас не выпускалі нават у транзітную залу для чакання зваротнага рэйса, а да трапа самалёта праводзілі пад узмоцненым канвоем як злачынцаў", — піша Абрамовіч.

Яна адзначае, што дзясяткі журналістаў, якія трапілі ў Беларусь былі затрыманыя мілцыянтамі. А супрацоўнікі дзяржаўнай Белтэлерадыёкампаніі, якія заявілі, што хочуць паведамляць навіны сумленна і бесстаронна, былі звольненыя, іх забастоўка задушаная.

"Мы выказваем салідарнасць у адносінах да нашых калег-журналістаў. Усе мы не парушылі ні аднаго іміграцыйнага закона і ні аднаго закона наогул. Мы толькі хацелі выканаць свой журналісцкі абавязак", — тлумачыць аўтарка петыцыі.

Петыцыя патрабуе ад беларускіх уладаў аднавіць выдачу акрэдытацый для журналістаў-міжнароднікаў і не ствараць перашкод для журналісцкай дзейнасці ні замежным, ні беларускім журналістам.

Дарэчы, без праблем і за некалькі дзён атрымаў акрэдытацыю ў Беларусі ўкраінскі журналіст Дзмітрый Гардон, які прыехаў зрабіць інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам перад выбарамі. 

27 жніўня ў Мінску міліцыянты затрымалі каля паўсотні журналістаў — для праверкі дакументаў. Шведскага фатографа Пола Хансэна дэпартавалі з Беларусі і забаранілі яму ўезд на 5 гадоў. Чатырох журналістаў судзяць 28 жніўня па аб вінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі