У Беларусі за тры гады стала менш дашкольнікаў і студэнтаў
Параўноўваем 2020 і 2023 гады ў адукацыі ў Беларусі
Пасля масавых пратэстаў і рэпрэсій 2020 года Беларусь сутыкнулася з нябачнай, але адчувальнай праблемай — адтокам насельніцтва. Рэальная сітуацыя раскрываецца праз афіцыйныя лічбы Белстата ў сферы адукацыі.
Скарачэнне школ, памяншэнне колькасці студэнтаў і настаўнікаў — што адбываецца з адукацыяй у краіне і як гэта звязана з дэмаграфічнымі зменамі?
Памяншэнне дашкольнікаў вядзе да закрыцця школ
Працягваючы нядаўнюю тэндэнцыю, улады скарачаюць колькасць школ. За тры гады ў краіне зачынілі 227 школ. Міністэрства адукацыі тлумачыць гэта памяншэннем колькасці дзяцей, асабліва ў сельскіх раёнах, называючы такія школы "малакамплектнымі".
Аднак, па факце, вучняў стала нават больш: у 2020 годзе сярэднюю адукацыю атрымлівалі 1 мільён 58 тысяч чалавек, а ў 2023-м — 1 мільён 90 тысяч. З іх толькі каля 10% вучацца на беларускай мове.
У 2020 годзе дзіцячыя садкі наведвалі 424 тысячы дзяцей, а ў 2023-м — усяго 355 тысяч. Гэта зніжэнне на 70 тысяч, што супастаўна з насельніцтвам цэлага горада накшталт Светлагорска.
Студэнтаў робіцца менш
Скарацілася і колькасць студэнтаў. У 2020 годзе ў ВНУ вучыліся 254 тысячы чалавек, а ў 2023-м — 222 тысячы. Мінус больш чым 30 тысяч студэнтаў — гэта як калі б зніклі такія гарады, як Бяроза, Навагрудак ці Асіповічы, калі б яны складаліся толькі са студэнтаў.
Доля студэнтаў, якія навучаюцца на дзвюх мовах — беларускай і рускай, — упала з 38% у 2020 годзе да 30% у 2023 годзе.
Выкладчыкаў таксама робіцца менш
На фоне гэтых зменаў заканамерна зменшылася і колькасць настаўнікаў — на тры тысячы. На столькі ж скарацілася колькасць прафесараў і выкладчыкаў у ВНУ.
Тым часам Белстат рапартуе пра рост заробкаў у сферы адукацыі. Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, у 2020 годзе настаўнікі зараблялі ў сярэднім 1042 рублі, а ў 2023-м — 1620 рублёў.
Аднак, калі пералічыць гэта ў доларах па курсе ліпеня 2020 і 2023 гадоў, рост склаў усяго каля 100 долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.