Пікет у падтрымку Лукашэнкі: Нельга ж людзей за дурняў трымаць!
Пасля дзвюхгадзіннага шпацыру па цэнтры Мінска толькі каля Камароўкі натыкаемся на блакітныя і белыя сцягі БРСМ ды Белай Русі. Агітуюць за Аляксандра Лукашэнка адразу чалавек 10 за трыма тумбамі. Жанчына сярэдняга ўзросту хіба не адзіная без "фірмовай вопраткі" прапануе задаваць любыя пытанні. Пачынаем з найбольш важных і цікавых момантаў праграмы.
"У перадвыбарчай праграме кандыдата я звычайна звяртаю ўвагу на тое, што асабіста мяне цікавіць, — не губляючы часу на роздумы пачынае распавядаць жанчына. — Мяне вельмі зацікавіў пункт, які я нават не ведаю, ці магчыма выканаць. Але ён ёсць — дабіцца, каб іпатэка стала даступнай. Вы ведаеце, у чалавека заўсёды бальная тэма — жытло. Але іпатэчнае крэдытаванне — фінансавы інструмент. Ён рэальна працуе, калі стабільнае фінансавае становішча. У нас існуе закон аб іпатэцы, але ён, на жаль, не можа працаваць на поўную моц, бо мы пакуль не можам дабіцца хаця б нават 10-12% гадавых. І гэта я ўжо не кажу пра 6%, ці як за мяжой пра 3%. Але калі гэтага дасягнуць, я буду вельмі рада".
Нечакана размову перарывае пенсіянерка, якая пытаецца пра датэрміновае галасаванне. Яна з'язджае да сваякоў 27 верасня і вернецца толькі пасля выбараў, таму жадае прагаласаваць ужо цяпер. Нечакана ёй тлумачаць што гэтага зрабіць... нельга і раяць адкласці паездку!
"Я вось вам шчыра скажу, — працягвае здзіўляць суразмоўца Еўрарадыё з пікета за Лукашэнку. — Я лічу, што галасаваць трэба менавіта ў дзень! Калі законам прадугледжанае датэрміновае галасаванне, то няхай, але я ўсім раю ісці менавіта ў дзень. Ведаеце, калі чалавек ідзе галасаваць у дзень, то заўважная актыўная грамадзянская пазіцыя чалавека. Разумееце, выбары — гэта не свята, але гэта сапраўдная падзея!"
Мяркуючы па ўсім, наша суразмоўца кіруе гэтым пікетам, бо ўсе "супрацоўнікі" перапытваюць у яе адказы на пытанні мінакоў. Тым не менш, размову пра эканамічныя абяцанні Лукашэнкі мы працягваем. Жанчына адзначае, што гэтым разам дзеючы кіраўнік краіны ні слова не кажа пра сярэдні заробак, хоць у мінулай праграме абяцаў тысячу долараў.
"Прамысловасць, насамрэч, у нас і мадэрнізаваная, і заводаў новых шмат пабудавалі, але якасць гэтай прадукцыі. А лініі ж стаяць такія ж, як і на Захадзе! Бо якасць, я лічу, залежыць яшчэ і ад кожнага з нас. Калі чалавек проста працуе ад званка да званка, то вы ж самі разумееце, што атрымаецца. У выніку наша прадукцыя не канкурэнтаздольная, але яна неблагая, па вялікім рахунку, яна добрая! Толькі я цяпер не кажу пра лёгкую прамысловасць, гэта я вам як жанчына шчыра скажу, тут лепей прамаўчаць!"
Наша суразмоўца з пікета за Лукашэнка мае дачыненне да сферы будаўніцтва, таму ў гэтых пытаннях добра разбіраецца. Яна лічыць дасягненнем колькасць пабудаванага за апошні час жытла. Але зноў жа, мае прэтэнзіі да якасці.
"Ну нельга ж людзей за дурняў трымаць, — абураецца пікетоўшчыца. — Гэта я днямі наведвала дом, пабудаваны з падтрымкай дзяржавы і счапілася з кіраўніком аднаго будтрэста. Калі наша шпалерная прадукцыя няважная, дык навошта вы яе тады выкарыстоўваеце? Запатрабуйце ад шпалернай фабрыкі, каб яна распрацавала іншы прадукт. Кошт жа будзе адзін і той жа, але малюнак іншы. А не гэтыя шпалеры ў палоску, якія вы клеіце, і пад якія людзі не ведаюць, якую мэблю паставіць. Ды паклейце вы лепей тады аднатонныя, ці яшчэ лепш, затынкуйце ды пафарбуйце! Я кажу: вы ж і дзяржаўныя грошы на гэта аддаяце, і што? А пра людзей вы ўвогуле думаеце, што ім з гэтым пасля рабіць?"
Наконт выканання мінулай праграмы Аляксандра Лукашэнкі жанчына ўзгадвае сацыяльную сферу. Маўляў, усе праграмы падтрымкі моладзі і іншыя — выконваліся, гэтым разам таксама ўключаныя ў праграму. А вось пра іншыя абяцанні — даводзіцца зноў узгадаць эканамічную сітуацыю:
"У нас няма рэсурсаў матэрыяльных… калійныя солі… Ён, дарэчы, піша ў праграме пра прыцягненне інвестыцый, што мне таксама спадабалася. Абяцае ўдасканаленне заканадаўства і забяспечыць большыя гарантыі інвестарам. А таксама даць магчымасць для зніжэння падаткаў. У нас усё ж такі ўдасканаленне падатковага заканадаўства ліха-бедна цягам тэрміну але адбывалася".
Узгадвае ўдзельніца пікету і неабходнасць развіцця малога бізнесу, як аднаго з асноўных фактараў паляпшэння эканамічнай сітуацыі. Але тут жанчына ўпершыню пачынае блытацца і ў выніку выказвае меркаванне, што не хапае людзям актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Маўляў, усе лічаць, што дзяржава павінна і мусіць, а самі нават на выбары не разумеюць, навошта ісці. Але сёлета, прызнаецца актывістка, сітуацыя выпраўляецца, нават людзі ва ўзросце, якія падыходзяць да пікета, ужо падкаваныя і не толькі тэлебачанне глядзяць, але і ў інтэрнэце нешта чытаюць.
Нечакана наша суразмоўца кажа, што, на жаль, побач няма пікетаў канкурэнтаў Лукашэнкі, бо "на кантрасце лепш вызначацца з выбарам".
"Я б і сама да іх з задавальненнем падышла. Мне няма часу, каб сесці і паглядзець праграмы іншых кандыдатаў у інтэрнэце, а я хачу ўсіх паглядзець".
За амаль дваццаціхвілінную размову, прадстаўніца пікета Аляксандра Лукашэнкі паказвае сябе, як вельмі прыемная, палітычна падкаваная суразмоўца. Падаецца бясспрэчным, што знаходзіцца яна на пікеце па закліку сэрца, а не па патрабаванні кіраўніцтва. А вось, ці будзе яна сама галасаваць за дзеючага кіраўніка краіны — вялікае пытанне. Ва ўсялякім выпадку, пра вызначанасць яе выбару нішто не казала.
Фота: belprauda.org