Каб выйсці ў нуль, прадпрымальніцы трэба прадаць 140 сукенак за месяц

Праз два тыдні дробныя беларускія прадпрымальнікі могуць не выйсці на працу, перастаць плаціць арэнду і падаткі. Гэтаму ёсць некалькі прычын. Адной з галоўных прадпрымальнікі называюць указ №222, які не дазваляе прадаваць тавар без сертыфікатаў ці дэкларацый якасці пасля 1 сакавіка 2015 года. 

“Я абзваніла шэсць фірмаў, каб знайсці тавар з дакументамі ў Расіі. Як толькі яны чулі, што я з Беларусі, кідалі слухаўку, — эмацыйна расказвае Святлана Калачова з Гомеля. Прадпрымальніца гандлюе піжамамі. Кажа, што праз дакументы сабекошт тавару вырастае ў разы. — Я калі называю 250 тысяч за піжамку, ужо адпойваю вадой пакупнікоў. Тэлефаную пастаўшчыку, а той мне кажа: Света, падаражалі – ну 460 000 рублёў за самую танную піжаму. Плюс сюды 20% нацэнка і мне трэба паставіць свой кошт – 800 000 за піжаму. Слухайце, гэта для каго? Мо ў вас, чыноўнікаў, такія заробкі, а ў Гомелі не! У мяне вады не хопіць пакупнікоў адпойваць!”

Акрамя праблем з дакументамі прадпрымальнікі скардзяцца на тое, што праз дэвальвацыю вырасла арэнда памяшканняў — у некаторых выпадках на 50%. Таксама ў людзей стала менш грошай, і продажаў няма.

“За студзень я прадала 15 пар абутку, перад Новым годам была такая ж сітуацыя, няма продажу! Людзі збяднелі, да таго ж вайна ва Украіне, дэвальвацыя — усё ўзаемазвязана і адбіваецца на нас”, — кажа бізнес-вумэн Жанна з Мінска. Яе кропка знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры “Еўропа”. Пра новыя калекцыі гаворкі не ідзе — новых мадэляў прадпрымальніца не завозіць ужо даўно. Жанна заўважае, што такая сітуацыя перш за ўсё адаб’ецца на прадпрымальніках:

“Пакупнікам што, паедуць у Маскву, Еўропу — адкрыта ж усё, можна ехаць. А мы застанемся без працы. Мы даём працоўныя месцы прадаўцам, а зараз гэтага не будзе”.

Жанна з Гомеля прадае жаночае адзенне ў адным з гандлёвых цэнтраў горада. Яна кажа, што за месяц аддае на арэнду, камунальныя плацяжы, падаткі і заробкі прадаўцам каля 55 мільёнаў.

“За студзень я зарабіла 51 мільён, у мяне сукенка каштуе 250-400 тысяч рублёў. Вельмі ўпалі продажы. Тое, што не зарабіла, дастала з кішэні. Але як доўга мне давядзецца гэта рабіць?” — каб адбіць выдаткі, Жанне трэба прадаць 140 сукенак за 400 000 рублёў. Жанчына кажа, што з 1 сакавіка працаваць не будзе, бо не збіраецца глядзець, як яе тавар канфіскуюць за парушэнне заканадаўства.

Прадпрымальнікі з Полацка плануюць перастаць плаціць арэнду, паехаць у Расію ці Украіну, дзе не трэба ніякіх дакументаў, і распрадаваць тавар праз знаёмых. 

“Мы ў Полацку збіраемся не выйсці на працу, перастанем плаціць арэнду і падаткі. Няхай дзяржава адчуе гэта рублём”, — дадае іпэшніца з Віцебшчыны. Так збіраюцца зрабіць многія прадпрымальнікі з рэгіёнаў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі