Пракуратура не паведамляе, як зменяць абвінавачанне Гапонаву і Брэўсу
Але заўважае, што новае абвінавачванне будзе значна адрознівацца ад папярэдняга.
Новае абвінавачванне грамадзянам Расіі Івану Гапонаву і Арцёму Брэўсу будзе значна адрознівацца ад прад’яўленага ім раней. Але будзе яно больш мяккім ці больш жорсткім, старэйшы памочнік пракурора Мінска Сяргей Балашоў у размове з Еўрарадыё сказаць адмовіўся.
Сяргей Балашоў: “Сыходзячы з тых матэрыялаў справы, якія былі даследаваныя падчас судовага следства, узнікла неабходнасць перапрад’яўлення абвінавачвання. А як, у які бок яны будуць, так бы мовіць, адыходзіць — гэта ўжо будзе вырашаць дзяржабвінаваўца”.
Новае абвінавачванне, кажа памочнік сталічнага пракурора, абвінаваўца Сяргей Кунаш зачытае падчас судовага паседжання 1 сакавіка. І раней яго змест нікому паведамляцца не будзе, упэўніў Сяргей Балашоў.
Нагадаем, падчас судовага паседжання 22 лютага Івану Гапонаву і Арцёму Брэўсу прад’явілі абвінавачванне ў актыўным удзеле ў беспарадках, пашкоджанні Дома ўрада, узброеным супраціве супрацоўнікам унутраных спраў. Па гэтых артыкулах ім пагражае ад 3 да 8 гадоў зняволення. Пасля допыта сведкаў і прагляду відэаматэрыялаў з плошчы Незалежнасці пракурор папрасіў перанесці працяг суда на 7 дзён, каб перакваліфікаваць абвінавачванне. Суд працягнецца ў аўторак, 1 сакавіка.