Пратэстоўцы альбо “бандэраўцы”, “фашысты” і “экстрэмісты”

Падчас перамоваў прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч заклікаў апазіцыю “аддзяліцца ад некантраляваных экстрэмісцкіх груп, якія правакуюць гвалт і кровапраліцце”. Ці сапраўды на вуліцах Кіева сабраліся адны экстрэмісты? Меркаванні разыходзяцца.

“Мірны пратэст пад лозунгамі аб еўраінтэграцыі ў Кіеве перарос у жорсткую вайну, якую абвясціла баявое крыло Майдана. Гэта маладыя людзі ў масках і касках, адзіны аўтарытэт для якіх — Сцяпан Бандэра”, — расійскі тэлеканал НТВ праводзіць расследаванне аб “паслядоўніках Бандэры”.

Афіцыйны Крэмль называе тых, хто выйшаў на кіеўскія вуліцы, не інакш, як радыкаламі. Вось што заявіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў:

“У Маскве рашуча асуджаюць гвалт з боку радыкальных элементаў, якія, шчыра кажучы, парушаючы ўсе дасягнутыя раней дамоўленасці і скарыстаўшыся выкананнем умоваў аб амністыі раней затрыманых, адразу ж распачалі гвалтоўныя дзеянні”.

The New York Times пагаджаецца: сапраўды, сярод звычайных пратэстоўцаў ёсць і тыя самыя экстрэмісцкія элементы. Але ў многіх гарадах, у Кіеве і на захадзе краіны, яны маюць вялікую грамадскую падтрымку. Выданне прыводзіць меркаванне пенсіянеркі, якая не любіць гвалт, але падтрымлівае хлопцаў, якія кідаюць камяні і “кактэйлі Молатава” у паліцыю:

“Гэта выдатныя людзі, смелыя хлопцы! Экстрэмісты — тыя, хто стаіць на тым баку”.

Лідар апазіцыі Віталь Клічко ў інтэрв’ю “Al Jazeeraадзначыў, што ўрад выкарыстоўвае “хардкорных” дэманстрантаў, каб дыскрэдытаваць увесь пратэстны рух.

Віталь Клічко: “Яны спрабуюць паказаць усіх як радыкалаў. Як сотні тысяч, мільёны ўкраінцаў могуць быць радыкаламі?”

Тым часам нямецкі журналіст Штэфан Шоль у артыкуле для “Маскоўскага Камсамольца” спрабуе “адказаць па-нямецку”, ці ёсць фашызм на Майдане.

“Расійскі тэлеглядач бачыць Майдан як зборышча бандэраўцаў, расістаў, фашыстаў і маньякаў. Расійскі глядач чуе, але не бачыць (кадраў жа няма), як на Майдане усе ходзяць са псеўдасвастыкай, што паўсюль вісяць ультраправыя і антысемісцкія лозунгі. Хаця самы “расісцкі” лозунг, які я бачыў на Майдане: “Мы з рускімі па крыві — братэрства. Але ніколі — па братэрстве рабства”.

Што тычыцца фашызму, то, як адзначае немец, ад яго адхрышчваюцца нават лідары ультрарадыкальнага “Правага сектара”. І тлумачаць яны гэта проста: сярод паплечнікаў ёсць і армяне, і азербайджанцы, а сапраўдны нацыяналіст не можа быць расістам.

Фота: AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі