Прэзідэнт Ціханоўская і замена МЗС: як прадстаўляць інтарэсы беларусаў у свеце

У экспертнай супольнасці ёсць ідэя выдаваць беларусам пашпарты ад ведамстваў дэмсіл / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У экспертнай супольнасці ёсць ідэя выдаваць беларусам пашпарты ад ведамстваў дэмсіл / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Нелегітымныя амбасады і консульствы пад кіраўніцтвам Уладзіміра Макея небяспечныя для беларусаў і не могуць прадстаўляць іх інтарэсы. Замест гэтага павінны з'явіцца прадстаўніцтвы ад дэмсіл, лічыць медыяэксперт, палітычны аглядальнік Серж Харытонаў.

На думку грамадскага дзеяча Мікалая Халезіна, трэба і зусім падумаць пра інаўгурацыю Святланы Ціханоўскай і прызначыць адказных па рэформах у розных сферах.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, чаму інаўгурацыя Святланы Ціханоўскай не прынясе вялікіх вынікаў і ці рэальна атрымаць пашпарт новай Беларусі ў найбліжэйшы час. А таксама ў якіх сферах людзі ўнутры краіны могуць развіваць структуры, альтэрнатыўныя дзяржаўным.

 

Атрымаць пашпарт без рызыкі і ізаляваць рэжым

З прадстаўніцтвам беларусаў за мяжой склалася дзіўная сітуацыя. Многія краіны не прызнаюць Лукашэнку і ягоны ўрад легітымнымі, але з МЗС пад кіраўніцтвам Уладзіміра Макея працуюць як з законным прадстаўніцтвам Беларусі.

Президент Тихановская и замена МИДу: как представлять интересы белорусов в мире
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей / Еўрарадыё

— Для многіх людзей, якія знаходзяцца за мяжой, наведванне такіх устаноў уяўляе небяспеку. Яны не могуць памяняць альбо аформіць дакументы, — кажа Серж Харытонаў.

Публічна мы не бачылі заяў [ад дэмакратычных сіл. — Еўрарадыё], што плануецца выдача пашпартоў і іншых дакументаў. Хоць, звяртаючы ўвагу на тое, што крызіс у Беларусі набыў доўгатэрміновы характар, гэта адзін з аспектаў падтрымання адносін з дыяспарай.

 

Президент Тихановская и замена МИДу: как представлять интересы белорусов в мире
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрапейскага інвестыцыйнага банка / тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай

Стварэнне альтэрнатыўных органаў прадстаўніцтва беларусаў за мяжой не азначае, што павінен з'явіцца ўрад у выгнанні або што Святлана Ціханоўская павінна стаць прэзідэнтам, падкрэслівае Серж Харытонаў.

— Калі мы зыходзім з гіпотэзы, што рэжым Лукашэнкі марыянеткавы, беларусам і замежным урадам неабходна мець кантактную асобу альбо калектыўны орган на чале з гэтай асобай, якія прадстаўляюць Рэспубліку Беларусь як сістэму дзяржаўных інстытутаў.

Права быць такой кантактнай асобай ёсць у Святланы Ціханоўскай.

— Гэта неабходна ў першую чаргу для таго, каб дзяржаўнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь мелі працяг у выпадку, калі Расія пачне ваенныя аперацыі з тэрыторыі Беларусі альбо правядзе аперацыю па змене марыянеткавага рэжыму. Зрэшты, з'яўленне альтэрнатыўных інстытутаў прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь уяўляецца лагічным наступным крокам незалежна ад дзеянняў РФ.

 

Інаўгурацыя набудзе сэнс у выпадку знешняй акупацыі

Президент Тихановская и замена МИДу: как представлять интересы белорусов в мире
Падстава для непакою з'явіцца, калі пасля вучэнняў расійскія войскі не пакінуць Беларусь / Мінабароны

Святлана Ціханоўская ўсё ж можа назваць сябе прэзідэнтам, а свой Офіс пераўтварыць ва ўрад.

— Ёсць нават на што абапірацца: вынікі "Голасу", сацыялагічныя апытанні. Пытанні ў іншым: а ці не прапушчаны час для гэтага і што гэта дасць? І як гэта будзе ўспрынята сёння беларусамі ў Беларусі? — кажа гісторык Аляксандр Фрыдман.

Эксперт адзначае, што падтрымка Святланы Ціханоўскай сярод беларусаў, безумоўна, прысутнічае, але з лета 2020 года ўсё ж паменшылася. Акрамя таго, цяпер рашэнне абвясціць Ціханоўскую прэзідэнтам не дэлегітымізуе Лукашэнку яшчэ больш.

— Якаснага скачка тут я не бачу. Ці падвысіць гэта ўзровень кантактаў? Яны і так на вельмі высокім узроўні ў Ціханоўскай і яе акружэння.

Сітуацыя можа змяніцца ў выпадку, калі, нягледзячы на ўсе абяцанні, расійскія войскі пасля вучэнняў не будуць выведзеныя з Беларусі. Тады з'яўляецца тэма акупацыі. Калі Беларусь акупаваная, альтэрнатыўны ўрад набывае зусім іншы сэнс.

Ці рэалізуецца такі сцэнар, стане зразумела пасля завяршэння расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў 20 лютага.

 

Прызначаныя міністры сітуацыю ў Беларусі не зменяць

Аляксандр Фрыдман адзначае, што прыклады ўрада ў выгнанні ўжо былі ў гісторыі.

Президент Тихановская и замена МИДу: как представлять интересы белорусов в мире
Асабліва актуальнае стварэнне недзяржаўных структур у сферы адукацыі і культуры / Еўрарадыё

Палітолаг Андрэй Ягораў лічыць, што Ціханоўскую прэзідэнтам назваць нельга, раз выбары былі сфальсіфікаваныя. А спробы стварыць новыя ведамствы могуць разбурыць дзейнасць дыяспар, якая склалася пасля выбараў натуральным чынам.

Па асобных галінах варта развіваць інстытуты паралельна дзяржаве. Аднак не прэтэндуючы на выцясненне дзяржструктур, лічыць эксперт. Напрыклад, у сферы адукацыі і культуры.

— Сэнс у тым, каб дэ-факта стварыць сістэму, якая магла б перанавучаць і навучаць сотні і тысячы людзей у Беларусі, даваць доступ да якаснай адукацыі. З неідэалагізаваным зместам.

Важна зверху падтрымліваць тое, што вырастае знізу. Грамадства само арганізуе паралельныя ў прамым сэнсе інстытуты і само забяспечвае сябе сэрвісамі, якія стварае.

Працаваць па гэтых напрамках можна не толькі за мяжой. Бо палова беларускай эканомікі — гэта прыватны сектар. І такая праца ідзе, проста праз рэпрэсіі ніхто не хоча афішаваць сваю дзейнасць, упэўнены суразмоўнік.

 

"Плаціць вы за гэта будзеце?"

Тэма інаўгурацыі, стварэння ўрада ў выгнанні і дыппрадстаўніцтваў пакуль можа абмяркоўвацца на ўзроўні тэорыі, лічыць адказны за шматбаковую дыпламатыю ў НАУ Уладзімір Астапенка.

— Не выключаецца, што можа прыйсці момант, калі дэмакратычныя сілы будуць актыўна заклікаць тую ж Ціханоўскую зрабіць рашучы крок і прэтэндаваць на новую пасаду.

Аднак пакуль перадумоў для прызнання на міжнароднай арэне альтэрнатыўных ведамстваў або новага прэзідэнта Беларусі прадстаўнік НАУ не бачыць.

Акрамя пытання прызнання, ёсць іншыя важныя моманты — фінансаванне і кадры.

Президент Тихановская и замена МИДу: как представлять интересы белорусов в мире
Для ўтрымання сеткі дыппрадстаўніцтваў патрэбны вялікія сродкі / Еўрарадыё

— А плаціць за гэта вы будзеце? — пытаецца Уладзімір Астапенка.

Нягледзячы на рэсурсаёмістасць задумы, правобраз сістэмы прадстаўніцтваў беларусаў ёсць.

— Можам успомніць пра ініцыятыву народных амбасад, якія дэмсілы запусцілі ў мінулым снежні. Прадстаўнікі дыяспары ў розных краінах, па сутнасці валанцёры, пад эгідай народнай амбасады займаюцца інфармацыйнай, кансультацыйнай дзейнасцю, дапамогай тым, хто вымушаны быў з'ехаць.

Сетка народных амбасад ахоплівае да 16 краін, расказвае дыпламат, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі. Хоць стварэнне дыппрадстаўніцтваў патрабуе шмат укладанняў, адно такое прадстаўніцтва ўжо ёсць — Офіс Святланы Ціханоўскай у Літве.

— Чэхія таксама разглядае гэтае пытанне па ініцыятыве прэзідэнта Зэмана. Як хутка гэта можа здарыцца, пакуль не гатовы сказаць.

 

Любыя прадстаўніцтвы працуюць для дыялогу з беларусамі

Міжнародная праца і прадстаўніцтвы беларусаў на месцах вельмі патрэбныя, каб больш эфектыўна даносіць пазіцыю дэмакратычных сіл да трэціх краін. Аднак самае важнае павінны зрабіць самі беларусы, падкрэслівае Кавалеўскі.

Валерый Кавалеўскі пра дыпламатычную працу Офіса Святланы Ціханоўскай / Еўрарадыё

— Гэта тое, чаго рэжым баіцца ў найбольшай ступені, — актыўных беларусаў, смелых, якія будуць удзельнічаць у палітычным працэсе і нагадваць, што меркаванне беларусаў пра тое, што Лукашэнка непрымальны, не змянілася.

Галоўнае, чаго дамагаюцца на міжнароднай арэне дэмсілы, — падштурхнуць рэжым весці дыялог з такімі людзьмі.

— Каб не атрымалася так, што рэжым развязвае крызіс у Беларусі з дапамогай міжнароднай супольнасці, але без уліку інтарэсаў беларускага народа.

Менавіта беларускі народ павінен вырашыць, якой будзе Беларусь у будучыні, якім будзе развязанне крызісу. Ні заходнія краіны, ні краіны з Усходу не павінны мець такія паўнамоцтвы, — падводзіць рысу Валерый Кавалеўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі