Пяць прычын, па якіх выбары ў Польшчы моцна нагадваюць беларускія

У Польшчы 10 траўня прайшоў першы тур выбараў прэзідэнта. Афіцыйныя дадзеныя будуць апублікаваныя 12 траўня. Але згодна з апытаннямі, першы раунд нечакана выйграе Анджэй Дуда з 34,8 адсоткамі галасоў. Дзеючы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі набірае — 32,2 працэнта. Павел Кукіз — 20,3. 24 траўня адбудзецца другі тур галасавання. У першым туры прагаласавалі 49,4 працэнтаў выбаршчыкаў.

Карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі наведаў Варшаву ў дзень галасавання і знайшоў тое, чаго на першы погляд існаваць не можа. У выніку атрымалася знайсці пяць прычын, па якіх выбары ў Польшчы моцна нагадваюць беларускія.

Традыцыя

Прэзідэнцкім выбарам у Польшчы ўсяго 25 гадоў. То бок калі прэзідэнта выбіраюць усёй краінай. Крыху больш, чым у нас. Прэзідэнты былі ў заходніх суседзяў і раней, традыцыя пачалася паміж войнамі, але тады кіраўніка краіны выбіраў парламент. Першым агульнаабраным прэзідэнтам Польшчы 23 снежня 1990 года стаў Лех Валенса. Кажуць, сістэму памянялі адмыслова для яго, каб былыя партыйныя функцыянеры не змаглі паціху прасунуць свайго кандыдата, інтрыгамі і спакуслівымі прапановамі здабыўшы большасць галасоў дэпутатаў.

У Беларусі ў гэтым сэнсе адбылося нешта падобнае. Першым агульнаабраным прэзідэнтам на пачатку 90-х таксама стаў кандыдат, так скажам, ад народа. А вось што было далей — зусім іншая гісторыя.

Колькасць кандыдатаў

З гэтым у Польшчы таксама звычайна балаган. Сёлета ў першым туры ўдзельнічалі ажно 11 чалавек, прычым, толькі трое з іх паказалі прыстойны вынік — у скандаліста Януша Корвіна-Міке, які заняў чацвёртае месца, — усяго 3,5%. Прычым, як і ў Беларусі, у Польшчы імёны большасці ўдзельнікаў выбараў людзям мала што гавораць. У канцы 90-х нават быў выпадак, калі кандыдатам у прэзідэнты стаў “іпэшнік”, які займаўся вырабам вусцілак да абутку. “Я проста хацеў правесці бясплатную рэкламную кампанію для свайго бізнесу”, — тлумачыў мужык. І правёў жа. Дагэтуль вусцілкамі займаецца.

Прапаганда ў СМІ

“Маем толькі аднаго кандыдата, які сур’ёзна настроены стаць прэзідэнтам і які мае неабходную кампетэнцыю, усе іншыя — толькі робяць выгляд, што хочуць кіраваць краінай, альбо з’яўляюцца нечымі намеснікамі”. Гэта не перадвыбарчы артыкул у “Савецкай Беларусі”, гэта калонка рэдактара ўплывовага штотыднёвіка “Палітыка” Ежы Бачыньскага, які агітуе за дзейнага прэзідэнта Браніслава Камароўскага. І такая калонка не выключэнне, а, хутчэй, правіла. Пачуўшы пра нейтральнасць журналістаў у палітычных пытаннях, палякі толькі скрывяцца. Кожнае дзіця ведае, што Rzeczpospolita непрыхавана падтрымлівае партыю Качыньскага PiS, Gazeta Wyborcza — “Грамадзянскую платформу” Дональда Туска, а грамадскае тэлебачанне TVP, якое дае аднолькавы час для ўсіх кандыдатаў, мае не вялікія рэйтынгі.

І яшчэ адна гісторыя з сёлетняй кампаніі. За месяц да выбараў да рэдакцыі Gazeta Wyborcza звярнулася кандыдатка ад левых Магдалена Агурэк. Папрасілася на інтэрв’ю, але нягледзячы на свой мадэльны выгляд, атрымала адмову без тлумачэння прычын. Нічога не нагадвае?

Жанчыны

З кандыдатамі-жанчынамі ў заходніх суседзяў таксама галяк. Ці то празмерная каталіцкасць замінае, ці то сапернікі-мужчыны ўступілі ў змову — але факт. З’яўленне маладой прыгажуні Магды Агурэк у якасці кандыдата нарабіла шмат шуму. Доктар навук, тэлевядучая, моцная партыя SLD за плячамі (хай сабе і левая) — былі ўсе шансы атрымаць добры кавалак галасоў. Але ў выніку ўсяго 2,4% і поўная катастрофа. Злыя языкі гавораць, што вінаваты ў гэтым лідар SLD Лешак Мілер. Маўляў, сам удзельнічаць у выбарах не хацеў, бо шансы перамагчы невялікія, а ўзяў і выставіў маладую нявопытную сакратарку. Такі ўдзел для ўдзелу. Восенню маем усе шансы пабачыць тое самае на прэзідэнцкіх выбарах ў Беларусі.

Вынік выбараў амаль нічога не змяняе ў палітыцы краіны

Прэзідэнты ў Польшчы змяняюцца — факт. Дзейны Камароўскі — ужо чацвёрты. Але на ўнутраную і знешнюю палітыку куды большы ўплыў аказваюць выбары ў парламент — Сейм, які фармуе урад. У дадатак, традыцыйнае супрацьстаянне “правых” з PiS і цэнтрыстаў PO даўно ператварылася ў барацьбу паміж сабой — праграмы абодвух партый адрозніваюцца, хутчэй, касметычна, а калі даходзіць да рэформ — нечакана не рэалізуюцца.

Насамрэч апазіцыйным кандыдатам сёлета можна было назваць хіба Януша Корвіна-Міке, з яго прарасійскімі выпадамі і рэвалюцыйнымі прапановамі. Але ветэран выбарчых кампаній (удзельнічаў амаль ва ўсіх) набраў усяго 3,5% і, відаць, завершыць кар’еру.

Спіс падабенстваў можна працягваць. Напрыклад, для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты ў Польшчы таксама трэба сабраць 100 тысяч подпісаў (гэта пры 40 мільёнах насельніцтва). Можна шмат расказваць і пра адрозненні, галоўнае з якіх грымнула акурат 10 траўня, калі першы тур нечакана выйграў не Браніслаў Камароўскі, які ўсяго некалькі месяцаў таму меў 72% рэйтынгу, а Анджэй Дуда з PiS — год таму яго мала хто ведаў. Але гэта зусім іншая гісторыя.

Фота: dziennik.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі