Раманоўская хоча стаць прэзідэнтам з-за кватэрнага пытання? (відэа)
Еўрарадыё адшукала два відэазвароты Жанны Раманоўскай да кіраўніка краіны, якія могуць патлумачыць яе матывы ўдзелу ў выбарах.
Увечары 16 ліпеня стала вядома, што ў ЦВК падалі заяву на рэгістрацыю ініцыятыўных груп дзве таямнічыя прэтэндэнткі на пасаду прэзідэнта — Жанна Раманоўская і Ірына Першына. Гэтыя імёны былі абсалютна новымі ў беларускай палітычнай прасторы, таму СМІ пачалі шукаць інфармацыю пра дзвюх патэнцыйных кандыдатак.
"Наша ніва" паразмаўляла з Жаннай Раманоўскай. Яна ўхілілася ад адказаў на пытанні пра яе праграму, стаўленне да канфлікту на Данбасе. Прызналася толькі, што працуе настаўніцай. Радыё Свабода высветліла, што Ірына Першына працуе ў рэкламным бізнэсе.
Адзінай крыніцай інфармацыі пра Раманоўскую стаў ролік на YouTube, выстаўлены яшчэ 7 ліпеня — гэта ўжо вядомы відэазварот пра яе намер балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі. Аднаку у роліку патэнцыйная кандыдатка нічога не распавядае пра сябе ці сваю праграму.
Еўрарадыё паспрабавала самастойна адшукаць Жанну Раманоўскую праз сацыяльныя сеткі, аднак усе спробы марныя. Але падчас пошукаў нам трапляюцца яшчэ 2 відэароліка з удзелам Раманоўскай. Гэта таксама відэазвароты, але не да патэнцыйных выбаршчыкаў, а да канкрэтнага чалавека — Аляксандра Лукашэнкі.
Першы ролік датуецца лютым 2014 года. Жанна Раманоўская звяртаецца да кіраўніка краіны як да гаранта Канстытуцыі. Па словах жанчыны, яна стала ахвярай махлярства пры будаўніцтве дома ў Мінску. Яна распавядае, што ў выніку незаконных дзеянняў службовых асоб Мінгарвыканкама і старшыні жыллёва-будаўнічага кааператыву, у яе, жанчыны з двума дзецьмі неабгрунтавана адабралі пабудаваную ў 2008 годзе кватэру. Раманоўская просіць Лукашэнку, каб ён разабраўся у сітуацыі.
Другі ролік запісаны ўжо сёлета ў сакавіку. Гэтым разам Раманоўская выказвае кіраўніку дзяржавы сваё расчараванне. Яна скардзіца на тое, што Аляксандар Лукашэнка аніяк не адрэгаваў на яе зварот, размешчаны ў інтэрнеце больш чым год таму.
"Мне незразумела, якім чынам грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць выкарыстаць усе унутрыдзяржаўныя спосабы абароны сваіх правоў, калі прэзідэнт Беларусі — гарант Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніяк не рэагуе на гэтыя парушэнні. Няўжо Вы, Аляксандр Рыгоравіч, да гэтага часу не ведаеце аб гэтай гісторыі, якая доўжыцца вось ужо 8 гадоў?" — задае рытарычнае пытанне Жанна Раманоўская.