Расійскі карабель страляў у бок турэцкага сейнера ў Эгейскім моры
Расійскі вартавы карабель "Сметливый" ("Кемлівы") страляў у бок турэцкага сейнера (рыбапрамысловае судна) у паўночнай частцы Эгейскага мора. Як інфармуе meduza.io, гэта быў папераджальны агонь. Нібыта, турэцкі карабель набліжаўся да расійскага і не адказваў на яго запыты (не ішоў на радыёкантакт і не адказваў на спецыяльныя візуальныя сігналы).
У Мінабароны Расіі кажуць, што інцыдэнт адбыўся 13 снежня ў 22 км ад грэцкага вострава Лемнас. Агонь адкрылі са стралковай зброі "па ходзе руху турэцкага судна на адлегласці гарантаванага непаражэння", калі яно наблізілася на 600 метраў. Расійскі карабель у гэты час стаяў на якары. У 540 метрах турэцкі сейнер змяніў накірунак руху, у кантакт з расіянамі ён так і не ўвайшоў.
РІА "Новости" адзначае, што расійскі вартавы карабель "прадухіліў сутыкненне з турэцкім сейнерам". Мінабароны Расіі выклікала пасля гэтага інцыдэнта ваеннага аташэ Турцыі.
Капітан сейнера Музафар пазней заявіў, што быў перакананы: перад імі карабель NATO. Да таго ж, на яго караблі не чулі стрэлаў расіян — паміж імі былі 2 км. Паводле слоў капітана, запісы з камер, якія знаходзяцца на сейнеры, былі перададзеныя для экспертызы берагавой ахове.
Нагадаем, адносіны паміж Расіяй і Турцыяй сапсаваліся пасля збіцця турэцкай авіяцыяй на мяжы з Сірыяй расійскага ваеннага самалёта і гібелі пілота. Масква ўвяла супраць Анкары эканамічныя санкцыі.
Эксперт: Расія абавязкова адпомсціць Турцыі за збіты самалёт
Здымкі з архіву. Фота: voxpopull.kz, ria.ru