Расшыфроўка пастановы Нацбанка пра 30%-ны збор простай мовай

20 снежня набывае моц новае пастанаўленне Кіравання Нацыянальнага банка Рэспублікі БеларусьПа недапушчэнні развіцця негатыўных тэндэнцый на фінансавым рынку”. Каб дакладна разабрацца ва ўсіх зменах, якія чакаюць беларусаў, Еўрарадыё папрасіла фінансавага аналітыка Вадзіма Іосуба “перакласці” на агульназразумелую мову кожны пункт пастанаўлення.

1. Нацыянальным банкам павышаныя да 50 адсоткаў гадавых адсоткавыя стаўкі па стала даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да прапарцыйнага павелічэння ставак па дэпазітах у нацыянальнай валюце.

Вадзім Іосуб: “Калі ў камерцыйных банкаў не хапае рублёў, то яны могуць звяртацца да Нацбанка за грашыма. То бок банкі бяруць кароткатэрміновыя крэдыты ў Нацбанка, дык вось стаўка па іх цяпер узнялася да 50%. То бок пазычаць грошы ў Нацбанка — дорага. Альтэрнатыва гэтаму — прыцягваць рублі насельніцтва на дэпазіты. Адпаведна, стаўкі па дэпазітах таксама рэзка вырастуць і, хутчэй за ўсё, будуць большыя за 50%. Думаю, не варта тлумачыць, што стаўкі па крэдытах будуць значна вышэйшыя за гэтыя 50%”.

2. З улікам узросшага попыту на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку прынятае рашэнне пра часовы ўвод 30-адсоткавага збору пры куплі валюты юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Прадпрыемствы і банкі будуць выплачваць гэты збор падчас куплі валюты на біржы, грамадзяне — у выглядзе камісіі падчас куплі ў банках. Атрыманыя сродкі будуць накіроўвацца ў бюджэт.

Вадзім Іосуб: “Па-першае, гэтым пунктам уводзіцца множнасць курсаў. То бок будзе афіцыйны курс і будзе курс у абменніках з уключаным у яго падаткам, камісіяй. З пункту гледжання здаровага сэнсу, ды афіцыйнага стаўлення МВФ, наяўнасць множнасці курсаў — яўная прыкмета валютнага крызісу. То бок, груба кажучы, упершыню ў гісторыі пастановай рэгулятара абвяшчаецца: А давайце ка ўвядзем валютны крызіс. Па-другое, гэта дакладна адраджае валютны чорны рынак і для простых людзей, і для прадпрыемстваў. У сітуацыі, калі мы будзем прадаваць валюту па афіцыйным курсе, а набываць па афіцыйным плюс 30%, узнікае чорны рынак з коштам, умоўна кажучы, афіцыйны курс плюс 15%, і ўсім прадаўцам выгадна там прадаваць, а ўсім пакупнікам пакупаць”.

3. Усімі буйнымі беларускімі банкамі уводзіцца тэрміновы гарантаваны ашчадны ўнёсак з механізмам індэксацыі рублёвых зберажэнняў пры змене абменнага курсу беларускага рубля. Гэта робіць зберажэнні ў нацыянальнай валюце абароненымі ад курсавых рызык і павялічыць іх прывабнасць у параўнанні з замежнай валютай.

Вадзім Іосуб: “Будуць сумавацца змена афіцыйнага курса з працэнтам уклада. Груба кажучы, ёсць уклад, на які дзейнічае пэўная стаўка, напрыклад, 50%. Калі за гэты час курс замежнай валюты (хутчэй за ўсё, долара) вырас там, напрыклад, на 10%, то па такім укладзе будзе індэксацыя 10% і плюс асноўная працэнтная стаўка 50%. Але па такіх укладах стаўкі будуць не 50%, а хутчэй за ўсё, ніжэйшыя. З майго пункту гледжання, гэты пункт ні пра што. Бо ў сітуацыі, калі ўводзіцца множнасць курсаў, арыентацыя на змены афіцыйнага курсу мала каго суцешыць”.

4. Падыходы да курсаўтварэння на ўнутраным валютным рынку застануцца нязменнымі. Кожны грамадзянін зможа здзяйсняць куплю і продаж валюты без абмежаванняў, суб'екты гаспадарання — на Беларускай валютна-фондавай біржы. Ажыццяўленне аперацый куплі-продажы замежнай валюты суб'ектамі гаспадарання — рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь на пазабіржавым валютным рынку часова прыпыняецца.

Вадзім Іосуб: “Раней у нас быў біржавы рынак, калі з заяўкамі выходзілі на біржу, і быў пазабіржавы рынак, калі прадпрыемствы набывалі валюту наўпрост у свайго банка, абмінаючы біржу. Цяпер такога не будзе. Усе заяўкі на пакупку і продаж валюты будуць ісці выключна пра біржу. Там будзе акумулявацца ўвесь магчымы попыт і прапанова. Увогуле, гэта добра, бо павышаецца ліквіднасць на біржы”.

5. Акрамя таго, з 19 снежня 2014 г. да 50 адсоткаў павялічваецца норма абавязковага продажу валютнай выручкі, якая паступае ў краіну. Адначасова падыходы да правядзення грашова-крэдытнай палітыкі робяцца больш жорсткімі, каб абмежаваць рост грашовай масы і павялічыць “кошт” грошай.

Вадзім Іосуб: “Калі не памыляюся, у нас дзейнічаў 30% абавязковы продаж, цяпер ад любой валюты, якая паступае ў краіну, трэба будзе 50% прадаць на біржы. Гэта зразумелая мера, і сама па сабе нармальная мера. А ў другой частцы гаворка вядзецца пра больш жорсткую грашова-крэдытную палітыку. Па сутнасці, паўтараецца тое, што будзе расці ўвесь спектр адсоткавых ставак, уключна са стаўкамі па крэдытах ды дэпазітах. Падкрэсліваецца, што крэдыты стануць менш даступнымі, з-за гэтага будзе паволей расці грашовая маса і будзе ажыццяўляцца меншы ціск на валютны рынак. Але гэта даволі распаўсюджаная практыка, напрыклад, ва Украіне гэта норма даводзілася да 100%. Гэта не самая папулярная мера, прадпрыемствы, якія зарабляюць валюту, захаплення ад яе не адчуваюць. Гэта цалкам нармальная мера, асабліва ва ўмовах, калі адчуваецца недахоп валюты”.

6. Банкам рэкамендавана не дапускаць да 1 лютага 2015 г. нарошчвання крэдытнага партфеля ў беларускіх рублях і не ажыццяўляць змену валюты грашовых абавязальніцтваў пазычальнікаў па крэдытных дамовах.

Вадзім Іосуб: “У першай частцы гаворыцца пра тое, што нельга выдаваць новых крэдытаў. Ці выдаваць новыя крэдыты ў тых жа аб’ёмах, у якіх будуць вяртацца раней выдадзеныя крэдыты. А ў другой частцы кажацца пра тое, што раней выдадзеныя крэдыты, напрыклад, калі яны былі выдадзеныя ў валюце, нельга пераафармляць у рублёвыя. Што тычыцца даты 1 лютага 2015 года, то гэта такі стандарты момант, маўляў, прынятае часовае рашэнне і вызначаныя тэрміны яго дзеяння. Але трэба разумець, што Нацбанк пакідае за сабой права адмовіцца ад гэтага рашэння раней вызначанага тэрміну, ці наадварот працягнуць яго дзеянне”.

7. Прынятае рашэнне пра нескарыстанне да банкаў мер нагляднага рэагавання за невыкананне з 18 снежня 2014 г. да 1 студзеня 2015 г. патрабаванняў пастановы Кіравання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 2014 г. № 260 "Пра максімальны памер адсоткавых ставак па аперацыях банкаў па прадастаўленні грашовых сродкаў (крэдытаў) юрыдычным асобам — рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь".

Вадзім Іосуб: “Раней памер адсоткавай стаўкі, па якой банкі могуць выдаваць крэдыты юрыдычным асобам, быў абмежаваны дзвюма стаўкамі рэфінансавання. Не жорстка абмежаваны, банк мог выдаваць па любой адсоткавай стаўцы, але калі было перавышэнне, то банк быў вымушаны рабіць вялікія адлічэнні ў рэзервовы фонд. Груба кажучы, банкам гэта было вельмі нявыгадна. Цяпер, ва ўсялякім выпадку часова, гэтае абмежаванне знятае, і банкі штрафаваць не будуць. Ну, а калі мы кажам пра тэрміны, то тут тое ж самае, што і ў папярэднім пункце”.

Агулам Вадзім Іосуб перакананы, што амаль усе пункты гэтага пастанаўлення добра ўзважаныя і маглі б сыграць на карысць, каб не адно вялікае “але”:

“На мой погляд, гэты 30% падатак — горшае з усіх магчымых рашэнняў. Можна было пакінуць усё як ёсць. Можна было правесці 30% дэвальвацыю і на гэтым спыніцца. А тут атрымліваецца, што з пункту гледжання продажу, дэвальвацыі не адбылося, а з пункту гледжання набыцця — дэвальвацыя адбылася. А гэта раздолле для чорнага рынку і спекулянтаў. Наяўнасць гэтага пункту перакрэслівае ўвесь пазітыў ад астатніх мер”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі