Ратавальнікі: Калі чалавек знік, не чакайце тры дні, часам, лік ідзе на хвіліны

Ратавальнікі: Калі чалавек знік, не чакайце тры дні, часам, лік ідзе на хвіліны

Лета ― самы “гарачы” час для валанцёраў пашукова-ратавальнага атрада “Анёл”. У гэты час вельмі шмат людзей альбо губляецца ў лесе, куды ідзе ў грыбы ці ягады, альбо тоне у рэчках ды азёрах. Часам, па дапамогу ў пошуку зніклага бывае да пяці зваротаў у дзень, распавядае ў жывым эфіры Еўрарадыё камандзір атрада Сяргей Коўган.

Коўган: “У зоне рызыкі ― найперш людзі сталага ўзросту і дзеці. Мы з вамі не сёння, дык заўтра, але з лесу выйдзем ― хопіць здароўя, а вось з імі іншая сітуацыя. Тым жа пенсіянерам проста не хапае сіл і здароўя, каб выйсці з лесу. Таму ім абавязкова трэба мець з сабой лекі, цалкам зараджаны мабільны тэлефон і абавязкова папярэдзіць сваякоў пра тое, куды яны накіроўваюцца, і ў колькі плануюць вярнуцца. Бо часта тэлефануюць, просяць дапамагчы знайсці чалавека, які заблукаў у лесе, а на пытанне пра тое, куды чалавек паехаў, адказваюць: “Некуды ў Радашковіцкі раён”. З гэтай інфармацыяй працаваць немагчыма, дапамагчы ў такой сітуацыі немагчыма”.

Па словах Сяргея Коўгана, шмат людзей чамусьці ўпэўненыя, што звяртацца ў міліцыю ці да ратавальнікаў можна толькі праз трое сутак пасля таго, як чалавек знік.

Коўган: “Па дзеючым заканадаўстве, вы можаце звярнуцца ў міліцыю адразу, як узнікла падазрэнне, што з чалавекам нешта здарылася. І заява ваша будзе прынятая па факце звароту, а не праз нейкія там трое сутак. Калі чалавек згубіўся ў лесе, ні ў якім разе нельга чакаць трое сутак. У нас закон не рэгламентуе хто знік без вестак ― дзіця, чалавек са стратай памяці, той, хто з’ехаў на заробкі за мяжу. Час не вызначаны: калі ў вас ёсць падставы звяртацца ў міліцыю, маеце перасцярогі, што нешта здарылася ― тэлефануйце адразу. На мінулым тыдні мы шукалі балулю ― 85 гадоў. Яна двое сутак правяла ў лесе, і калі яе знайшла пошукавая група, ужо было цёмна і яна ўжо не магла ўстаць ― яе выносілі з лесу на раках. Да раніцы яна, хутчэй за ўсё, не дажыла б. Ці гісторыя, якая таксама здарылася некалькі дзён таму ў Завадскім раёне сталіцы: пенсіянер паваліўся і адкаціўся са сцежкі ў траву. З-за высокай травы яго не было відаць, і хоць непадалёк хадзіла шмат людзей. Гаварыць ён не мог і амаль двое сутак у той траве ляжаў. Знайшлі яго нашы валанцёры, выклікалі “хуткую”, і яго адвезлі шпіталь. Калі б сваякі своечасова не паведамілі, то ён бы там і загінуў”.

Пры дапамозе калег з Расіі беларускія ратавальнікі знаходзяць і вызваляюць тых нашых суайчыннікаў, якія паехалі на заробкі ў Расію і трапілі там у рабства. Такія прыклады ў гісторыі працы атрада “Анёл” ёсць. Але калі нехта са сваякоў трапіў, да прыкладу, у сексуальнае рабства ў арабскай краіне, то тут дапамагчы зможа толькі наш МЗС і праваахоўнікі.

Цалкам размову з камандзірам атрада “Анёл” можна паглядзець і паслухаць тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі